Беларускія праваабаронцы працягваюць збіраць доказы злачынстваў супраць чалавечнасці



Беларускія праваабаронцы працягваюць збіраць доказы злачынстваў супраць чалавечнасці, у якія ўваходзяць забойствы і катаванні. Але ці могуць гэтыя доказы стаць дадатковым аргументам, каб суд у Гаазе выдаў міжнародны ордар на арышт Аляксандра Лукашэнкі не толькі за саўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей?

“Не, гэта пытанне юрысдыкцыі”, — кажа праваабаронца Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Вікторыя Фёдарава.

Фёдарава нагадвае: расследаванне вывазу ўкраінскіх дзяцей і датычнасці да гэтага Лукашэнкі тычыцца Украіны — краіны, якая прызнала юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда.

“А тыя катаванні, злачынствы супраць чалавечнасці, якія здзейсненыя з 2020-га, адбываюцца на тэрыторыі Беларусі, якая не ратыфікавала Рымскі статут, і былі ўчынены грамадзянамі Беларусі. На жаль, немагчыма гэта [доказы датычнасці да вывазу ўкраінскіх дзяцей і дадзеныя пра катаванні ў Беларусі] аб’яднаць”, — дадае праваабаронца.