Павел Баркоўскі: Працэсы не завершаны, і шмат што з гэтага адлюстроўваецца ў нацыянальнай культуры
«Літаратурныя плады спеюць — восенню разам будзем збіраць ураджай», – гэтак кажуць арганізатары фэсту інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», які сёлета пройдзе ў некалькіх краінах у розных гарадах.
На гэтую тэму мы пазмаўлялі з арганізатарам фестывалю, філосафам Паўлам Баркоўскім.
РР: Найперш я хацеў бы дазнацца пра вашыя рэфлексіі, вашыя адчуванні гэтых трох год, якія мы перажылі. Ці сутыкаецеся вы з нейкімі скажэннямі тых падзеяў у нашым агульным дыскурсе? Ці змяняецца агульны погляд на тыя падзеі?
Павел Баркоўскі: Агулам я хачу сказаць, што мы не перажылі, яшчэ працягваем перажываць тыя падзеі. Для большай часткі грамадства, што за межамі краіны, што ў самой краіне, усе гэтыя працэсы не завяршыліся. Мы зараз знаходзімся ў сітуацыі чакання, чакання таго, як падзеі будуць разгортвацца далей. Канешне, на змену той рэвалюцыі, грамадскай і культурнай, якая пачалася ў 2020 годзе, прыйшла контррэвалюцыя і рэпрэсіі. Але агульныя працэсы, на мой погляд, не змяніліся. Яны ідуць вакол пытання пра неабходнасць нейкіх зменаў у грамадстве, нейкага абнаўлення грамадскага, палітычнага і культурнага поля. І ўсе гэтыя працэсы застаюцца.
Зразумела, што назапашваюцца шмат у каго нейкія расчараванні, няспраўджаныя спадзяванні з нагоды таго, што перамены не адбываюцца так хутка, як бы хацелася. Што сітуацыя агулам выглядае для нас вельмі няўдзячна. І гэта звязана і з вайной, якая адбываецца побач з намі, дзе таксама вырашаецца, у пэўнай ступені, лёс беларускай дзяржавы. Гэтак і з тымі захадамі па штучным размежаванні грамадства, па стварэнні атмасферы таталітарнага пераследу, знішчэння розных формаў культурнага і інтэлектуальнага жыцця.
То, канешне, усё гэта выглядае вельмі драматычна. Але паўтаруся. Працэсы не завершаны, і шмат што з гэтага адлюстроўваецца і ў нацыянальнай культуры, у творчасці літаратараў, мастакоў, музыкаў, якія спрабуюць асэнсаваць актуальную гісторыю Беларусі.
Цалкам размова:
Размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя.