Акцыя салідарнасці з Мікалаем Статкевічам у Вільні



Акцыя салідарнасці з беларускім палітыкам Мікалаем Статкевічам прайшла ў Вільні на плошчы Кудзіркі. Яна была прымеркаваная да дня народзінаў палітзняволенага, які ён адзначыў 12 жніўня за кратамі ў адзіночнай камеры глыбоцкай калоніі. Палітыку споўнілася 67 гадоў, і гэта ўжо чацвёрты яго дзень народзінаў у турме. Вестак ад палітыка ўжо няма больш за паўгады.

Сваю салідарнасць выказаў і прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, кіраўнік дэлегацыі ў Еўрапарламенце па сувязях з Беларуссю Ёзас Олекас:

–  Мы можам сабрацца разам і выказаць сваю падтрымку Міколу Статкевічу. Усё яго жыццё накіраванае на незалежнасць Беларусі, на ўтварэнне вайсковых сілаў незалежнай Беларусі і сацыяльнага дабрабыту беларусаў.

Рэжым ужо нейкі час утрымлівае яго ў такіх жорсткіх умовах у турме, знікла сувязь з ім, таму нам трэба ўсім разам паказаць, што ён не адзін, як і іншыя палітзняволеныя.

Як кажа выконваючы абавязкі кіраўніка партыі „Народная Грамада” Яўген Вільскі, зараз для беларусаў галоўная мэта – аб’яднанне.

  Але для аб’яднання нам высоўваюць разнастайныя кірункі, ідэі, адбываюцца беларускія “разборкі”. Адзін у адны бок ідзе, другі – у іншы, вось такія арэлі. Каб у нас на волі быў такі лідар як Мікалай Статкевіч, думаю, што гэтага б не было. Мы б разумелі куды ідзём і ішлі б адной калонай. Гэта безумоўны лідар, беларускі Нэльсан Мандэла.

На акцыі прысутнічала калі трох дзясяткаў неабыякавых беларусаў, у асноўным сябры сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Беларусі. Акцыю падтрымала палітык Вольга Карач і прадстаўнікі арганізацыі “Дапамога”.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя