Валер Карбалевіч: Змена рыторыкі – гэта спроба правесці нейкія дамоўленасці з пазіцыі сілы



Госць Рацыі — палітычны аналітык і публіцыст Валер Карбалевіч.

РР: Найперш хачу закрануць самыя акутальныя, самыя гарачыя падзеі. Можна сказаць, гэта будзе на тэму словаў і дзеянняў Лукашэнкі цягам гэтага тыдня. Ён ізноў заявіў пра гатовасць нібыта аднавіць стасункі з Еўразвязам, нібыта ён такое даручэнне даў прэм’ер-міністру. Але ў той жа час мы бачым чарговую эскалацыю мігранцкага крызісу на мяжы Беларусі з Еўразвязам, асабліва з Польшчай. Мы бачым, што палітвязні застаюцца за кратамі, у тым ліку Анджэй Пачобут, вызваленне якога дамагаецца Варшава, мы чуем заявы лукашэнкаўскіх прапагандыстаў пра гатовасць нанесці прэвентыўны ўдар ажно па Польшчы. Дык вось Варшава разумее неадпаведнасць гэтых словаў і дзеянняў з боку афіцыйнага Менску?

Валер Карбалевіч: Я думаю, што Варшава даўно прызвычаілася да такой рыторыкі, як і заходнія палітыкі ўцэлым. Гэтыя заявы, гэтая рыторыка яна ўвесь час хістаецца паміж агрэсіўнымі выказваннямі, паміж пагрозамі, з аднаго боку, нават пагрозамі прымяніць ядзерную зброю, а з іншага боку паўтараецца гэтая нібыта міралюбівая рыторыка: давайце дамаўляцца, давайце пераадолеем гэтыя супярэчнасці і г.д. Таму гэтая рыторыка перыядычна мяняецца, і тлумачыцца гэта з аднаго боку, што розная аўдыторыя атрымоўвае розныя сігналы, якія яна хоча чуць. Ну а з іншага боку — гэта спроба правесці нейкія дамоўленасці з пазіцыі сілы. Маўляў, давайце з намі дамаўляцца, а калі не захочаце, то вам будзе вельмі кепска, мы супраць вас нацкуем эмігрантаў і вагнераўцаў, і ўвогуле ў нас тут ужо ядзерная зброя ёсць, і тут пастаянныя рухі войскаў на мяжы, і нейкая такая мілітарысцкая ліхаманка. Усё гэта паўтараецца не першы раз. Але гэта такі палітычны стыль у Лукашэнкі.

РР: Але з іншага боку, то бок, які яму супрацьстаіць, тут таксама ёсць пэўная неадпаведнасць. НАТА ўжо неаднаразова падкрэслівае, што не бачыць пагрозы з боку вагнераўцаў у Беларусі, не бачыць пагрозы з размяшчэння ядзернай зброі. Але ў той жа час мы чытаем у навінах, што Польшча сцягвае і сцягвае свае войскі да мяжы з Беларуссю. У Латвіі анансуецца маштабнае вучэнне. І г.д. Як гэта патлумачыць?

Валер Карбалевіч: Тут таксама зразумела. Хоць сапраўды вялікай пагрозы Захад не бачыць, бо пакуль няма нейкага перамяшчэння на мяжы вялікіх войскаў, беларускіх, ці расейскіх, з мэтай нападу. Але з іншага боку да гэтага трэба рыхтавацца. Таму ствараецца інфаструктура, дзеля магчымага адпору агрэсару. Тут няма супярэчнасцяў. Але ўсе гэтыя захады прынятыя хутчэй не супраць Беларусі, а баючыся пагрозы з боку Расеі.

Цалкам размова:

Размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя.