Не дачакаўся рэабілітацыі
13 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, вязня сталінскіх лагераў Самсона Пярловіча (1923-2001).
Нарадзіўся Самсон Пярловіч 13 жніўня 1923 года ў вёсцы Католышы на Наваградчыне ў сям’і беларускага селяніна, дзе было сямёра сыноў. У чацвёртым класе польскай школы хлопчык Самсон напісаў першы свой верш пра Свіцязь. А калі закончыў польскую школу пачаў настаўнічаць сам, вучыў дзетак у пачатковай школе.
У 1943 годзе 20-гадовага юнака схапілі немцы і павезлі ў Германію. Везлі яго і іншых юнакоў і дзяўчат на Рыгу. Па дарозе ён і яшчэ некалькі хлопцаў скокнулі з вагона. Але хутка іх схапіла латышская жандармерыя. Пасля допытаў іх адправілі на Лібаву, дзе хутка Самсон са сваімі сябрамі апынуўся ў лагеры за калючым дротам. Адтуль хлопцы зноў уцяклі і некалькі тыдняў былі вольнымі. Але хутка іх зноў арыштавалі і адправілі ажно ў Вену. Вызвалілі Самсона Пярловіча ў пачатку красавіка 1945 года. А першае траўня ён далучыўся да савецкіх воінаў.
Пасля вайны юнак вярнуўся на родную Наваградчыну і пачаў супрацоўнічаць з Наваградскай раённай газетай. У гэты час у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі ўтварыліся падпольныя моладзевыя суполкі, якія вырашылі супраціўляцца мерапрыемствам савецкай улады, скіраваным на вынішчэнне беларушчыны. Галоўнай мэтай змагання маладзёжнага падполля было здабыццё незалежнасці Беларусі.
Падпольная арганізацыя ў Наваградку паўстала пазней, чым падобныя групы, напрыклад, у Глыбокім і Паставах (канец 1945 года — пачатак 1946 гада), у Слоніме (травень-чэрвень 1946 года), у Нясвіжскім раёне і Гародні (лета 1946 года) — у лістападзе 1946-га. Адрозненнем наваградскага Саюза вызвалення Беларусі ад іншых арганізацый была наяўнасць у яго кіраўніцтве не толькі ўдзельнікаў беларускіх нацыянальных арганізацый і збройных фармацый часоў нямецкай акупацыі, але і былых франтавікоў Чырвонай Арміі. Да наваградскага Саюза вызвалення Беларусі (СВБ) далучыўся і Самсон Пярловіч. Ён быў упаўнаважаным СВБ у Наваградскім раёне.
Калі працаваў Самсон Пярловіч у Навагрудскай газеце, ён пазнаёміўся з супрацоўнікам баранавіцкай абласной газеты “Чырвоная змена” Алесем Бажко (1918-2013). Неяк Бажко схлусіў Пярловічу, што ён з’яўляецца сябрам антысавецкай арганізацыі “Чайка”. І што ён, Бажко, знаходзіцца ў вышэйшым звяне гэтай падпольнай структуры. Самсон яму паверыў. Але не ведаў навагрудскі юнак, што гэты Бажко з’яўляўся тайным агентам НКУС.
Аднойчы Бажко прыехаў у Наваградак, сустрэўся з Самсонам Пярловічам, а той шчыра давяраючы, як сябру “Чайкі”, як калегу па пяру, паказаў дом яму, дзе жылі іншыя сябры СВБ. А ў траўні ў 1947 годзе ў Наваградак прыехалі чэкісты, акружылі дом і ўсіх арыштавалі. Разам з чэкістамі быў і Бажко, ён усё паказваў, кіраваў, бачыў. А 30 траўня 1947 года быў арыштаваны і Самсон Пярловіч. Усіх арыштаваных завезлі ў Баранавічы ў турму “Крывое кола”, там іх і дапытвалі. Так былі арыштаваны 18 сяброў СВБ. Перад арыштам у Самсона Пярловіча знайшлі верш “Паднімецца крыўда”, які ён напісаў у 1947 годзе. Другая страфа верша гучала так:
Бо Сталін — тыран і старых, і малых —
Запрогшы ў прыгонныя ёрмы,
Нявіннай крывёй суцяшае іклы,
Каму колькі жыць ставіць нормы…
Пра гэты верш ведаў нават сам Цанава. Ён так хацеў паглядзець на юнака з Наваградчыны, які набраўся мужнасці ўзняць голас супраць Сталіна, што Пярловіча з Баранавіч адправілі ў Менск на допыт да Цанавы. Самсон Пярловіч успамінаў: “Заходжу ў кабінет. Там шмат чыноў НКУС. Выходзіць з-за стала нейкі гарбаносенькі чалавек. Гэта быў Цанава. Паказвае тэкст майго верша і пытае: “Твой?”. “Мой”. “Ды як жа ты набраўся нахабства так напісаць пра геніяльнага чалавека? Сталін — бацька народаў”, — закрычаў Цанава. “Для вас, можа, і бацька народаў, а для беларускага народа — палач”, — адказваю. Малады я тады быў, гарачы, ды і тэрмін ведаў. Як цяпер бачу: Цанава весь расчырванеўся і кажа па-беларуску: “Не мані!…”.
За верш і за СВБ Самсона Пярловіча асудзілі на 10 гадоў сталінскіх лагераў. Яго выслалі на лесапавал ў лагер Усць-Вым (Комі АССР), потым беларускі юнак будаваў шахты ў спецлагерах Караганды. Гэта былі шахты імя Кастэнкі, 107-я, 120-я. Бурыў ствалы, прабіваў штрэкі, ставіў умацаванні. А 3 студзеня 1956 года наваградскага хлопца вызвалілі з лагераў. Ён павінен быў яшчэ адбываць высылку ў Сарані Карагандзінскай вобласці Расіі, але яна была адменена.
Восенню 1956 года Самсон Пярловіч вярнуўся ў родны Наваградак. Але адразу ў рэдакцыю раённай газеты не пайшоў, бо там быў арыштаваны і зняты з працы. А ўлаткаваўся на працу на Наваградскі завод газавай апаратуры, дзе адпрацаваў каля сарака гадоў. За яго на заводзе ніхто лепш і ніколі не змог зрабіць разца, затачыць фрэзу, зенкер. Працуючы на заводзе, ён марыў мець свой куточак, свой пакойчык. І такую мажлівасць ён атрымаў, дзякуючы адміністрацыі завода. Але потым збег абставін усё перакрэсліў…
У апошнія гады жыцця Самсона Пярловіча часта можна было бачыць на рынку ў Наваградку. Там ён гандляваў рознымі запчасткамі, жалезкамі і кніжкамі. А мясцовы люд разносіў па горадзе розныя плёткі. Але няшмат людзей ведалі, што ён мусіў зарабляць любым чынам грошы, каб аддаць даўгі за аперацыю, што зрабілі дачцэ ў Германіі.
А яшчэ, ён заўсёды пісаў вершы. Але шмат радкоў засталося, напісана ім пра сталінскія зняволенні:
Злы вецер выў над галавою,
Мароз пякельны твар паліў,
А я пілою лучкавою
Бярозы, ліствіцы валіў.
Уздрыгваў дол, стагналі дрэвы,
Пякучы снег хвастаў чало.
Тайзе ж направа і налева
Канца і краю не было…
Пры жыцці Самсону Пярловічу ўдалося ў Наваградку выдаць два зборнічкі сваіх вершаў — “Заяц на бярозе” (1995) і “Чарадзейны агонь” (1998). А прафесар Алег Лойка падрыхтаваў яго зборнік вершаў “Бяссмертнік” і выдаў у Мінску ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” у 1994 годзе. У прадмове да яго Алег Лойка напісаў: “Кніга Самсона Пярловіча “Бяссмертнік” — гэта найперш кніга яго жыццёвага лёсу, асабліва сваім першым раздзелам — “За калючымі дратамі…”. І гэта разам з тым і кніга народнага лёсу, складаных гістарычных шляхоў, якімі беларусы ішлі праз ХХ стагоддзе”. Пасля смерці свет пабачылі кнігі Самсона Пярловіча “Бязмерна люблю”, “Такі непаўторны свет” і “Сэрца замірае ад тугі”.
Сябра Саюза вызвалення Беларусі і паэта Самсона Пярловіча не стала 14 снежня 2001 года. Пры жыцці ён так і не дачакаўся рэабілітацыі, так як і не дачакаліся яе Васіль Супрун з патрыятычнай “Чайкі”, паэтка Ларыса Геніюш і тысячы іншых патрыётаў нашай Бацькаўшчыны.
Беларускае Радыё Рацыя