У Польшчы адказалі Пуціну, які назваў яе заходнія тэрыторыі „падарункам Сталіна”



Беларусь і Расея хочуць дэстабілізаваць не толькі Польшчу, але і ўвесь ЕЗ. Пра гэта ў інтэрв’ю італьянскай газеце Corriere della Sera заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Матэвуш Маравецкі. Фота: suwalki.naszemiasto.p

Па словах прэм’ер-міністра, толькі за гэты няпоўны год было зафіксавана больш за 16 тысяч спроб незаконнага перасячэння польскай мяжы з боку Беларусі.  Сітуацыя можа стаць яшчэ больш сур’ёзнай пры непасрэдным умяшальніцтве ПВК „Вагнер”.

„Толькі за гэты год колькасць спроб незаконнага перасячэння мяжы перавысіла 16 тысяч. Плюс да ўсяго існуе пагроза ад вагнераўцаў, якія могуць замаскіравацца пад беларускіх памежнікаў”, — распавёў італьянскай газеце Матэвуш Маравецкі.

Плюс да ўсяго польскі прэм’ер-міністр адказаў Пуціну, які пачаў пагражаць Польшчы і называць яе заходнія тэрыторыі „падарункам Сталіна”, намякаючы на іх магчымае вяртанне Расеі.

„Менавіта Савецкі Саюз разам з нацысцкай Германіяй уварваўся ў нашу краіну і захапіў на той момант усходнія тэрыторыі Польшчы. Потым у Ялце той жа СССР і будучыя дзяржавы-пераможцы дамовіліся, што Польшча атрымае сваю частку нямецкіх тэрыторый ад Германіі ў якасці кампенсацыі за прысваенне Сталінам усходняй часткі Польшчы.  Гэта не падарунак ад каго-небудзь, мы не маем ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў ці іх земляў. Гэта гістарычная праўда, якая мацней за расійскую прапаганду”, — адзначыў Маравецкі.