Футбалісты „Дынама” згулялі ўнічыю са „Славіяй”
Футбалісты менскага „Дынама” згулялі ўнічыю з мазырскай „Славіяй” у [хатнім матчы 17-га тура чэмпіянату Беларусі. Гуляючы на галоўнай арэне краіны, мазыране двойчы вялі ў ліку, але ўтрымаць перамогу ня здолелі – 2:2. У іншым матчы футбалісты „Смаргоні” на хатняй арэне разышліся мірам з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам” – 1:1. Матчы „Энергетык-БДУ” – БАТЭ і „Шахцёр” – „Нёман” перанесены на больш познія тэрміны.
Антыфутбол і выдаленне Хаві. Як „Барселона” згуляла ў першым туры Ла Лігі
„Барселона” спатыкнулася на старце чэмпіянату Іспаніі па футболе, страціўшы ачкі ў матчы з „Хетафе”. Сустрэча першага тура прайшла ў Хетафе на стадыёне „Калісеум Альфонса Перэс” і завяршылася з лікам 0:0. Пры гэтым гульня не мела шмат галявых момантаў, а ўсё дзякуючы антыфутболу гаспадароў поля. Падначаленыя Хасэ Бардаласа гулялі другім нумарам і шмат фалілі, што не дазваляла каталонцам дэманстраваць звыклы, камбінацыйны футбол. Больш за тое, на 42-й хвіліне госці засталіся ў меншасці з-за выдалення Рафіньі.
Праўда, у другім тайме склады каманд зраўняліся, калі на 57-й хвіліне другую жоўтую, а ўслед за ёй чырвоную картку зарабіў Хайме Мата. На 70-й хвіліне галоўны трэнер каталонцаў Хаві Эрнандэс займеў выдаленне за неспартовыя паводзіны.
У цэнтральным матчы першага тура чэмпіянату Англіі „Чэлсі” на сваім стадыёне згуляў унічыю з „Ліверпулем” – 1:1.
Каманды абмяняліся галамі ў першым тайме. Спачатку ў складзе „чырвоных» забіў Луіс Дыяс, а гол у адказ забіў пачатковец „Чэлсі” Аксель Дысасі. Цікава, што яшчэ па адным узяцці брамы было адменена з-за афсайду.
Хакеісты „Шахцёра” і „Віцебска” выйшлі ў „Фінал чатырох” Кубка Салея
У нядзелю завяршыўся групавы этап Кубка Салея па хакеі – першага клубнага турніру сезона. На першым этапе турніру 12 каманд беларускай экстралігі былі падзелены на дзве групы. Прамыя пуцёўкі ў „Фінал чатырох” розыгрышу другога па значнасці трафея ў беларускім хакеі дасталіся „Шахцёру” і „Віцебску”, якія занялі першыя месцы ў пулах А і Б адпаведна. Вырашальныя матчы Кубка пройдуць у Салігорску, паколькі „Шахцёр” апынуўся вышэй за „Віцебск” у табліцы мінулага сезону экстралігі. Яшчэ два ўдзельнікі фінальнага этапа Кубка Салея стануць вядомыя па выніках кваліфікацыйных матчаў, якія пройдуць 23 жніўня. „Брэст”, які фінішаваў другім у групе А, прыме „Магілёў”, а чэмпіён Беларусі жлобінскі „Металург”, які паказаў другі вынік у сэкстэце Б, паспрачаецца з мінскім „Юнацтвам”. Пераможца розыгрышу Кубка Салея, дзейным уладальнікам якога з’яўляецца „Віцебск”, вызначыцца 27 жніўня.
Сяргей Кавальчук заявіў, што Нацыянальны футбольны стадыён будзе адкрыты да канца 2024 года
Міністр спорту і турызму расказаў у эфіры АНТ, калі ў Менску адкрыюць Нацыянальны футбольны стадыён і басейн міжнароднага стандарту.
У наступным годзе будзем ужо рыхтавацца да адкрыцця гэтых аб’ектаў. Калі ўважліва паглядзець, там ільвіная доля будаўнічых, будаўніча-мантажных работ ужо выканана. Упэўнены, што да канца наступнага года ўжо будзем наведваць гэтыя спартовыя аб’екты, – цытуе Кавальчука БЕЛТА.
Беларускае Радыё Рацыя
