Ганна Канавалава: 9 жніўня для мяне гэта – абуджэнне нашай Беларусі



Беларуская палітычная рэчаіснасць 2020-га стала выпрабаваннем для многіх сем’яў. Гісторыя Ганны Канавалавай – выразны таму прыклад. Цяпер жанчына жыве ў Варшаве разам з унукамі і заўсёды з імі ўдзельнічае ў нядзельных акцыях дыяспары. Дачка і зяць Ганны – палітвязні, яны знаходзяцца за кратамі. Муж – у Беларусі, ён дапамагае дзецям.

Ганна Канавалава стала „Госцяй Рацыі”. Нашаму карэспандэнту яна распавяла пра дзень, які шмат што змяніў у гісторыі яе сям’і.

РР: Што за дзень для вас 9 жніўня?

9 жніўня для мяне гэта – абуджэнне нашай Беларусі, якое адбылося ў 2020 годзе. Там можна правесці рысу да і пасля.

РР: Як вы непасрэдна змяніліся?

– Напэўна ніяк. Пастарэла.

РР: Многія адзначаюць, што „прагнуліся” тады і сталі больш палітычна актыўнымі.

– Я выходзіла ў 2006 годзе, у 2010. Я выходзіла за пенсіянераў, за прадпрымальнікаў, таму я была актыўная ўвесь час. Нічога не памянялася.

РР: У вас зараз унукі прысутнічаюць на кожнай акцыі разам з вамі. На ваш погляд, як яны адчуваюць гэта? Як яны гэта ўспрымаюць?

У нас пачалося ўсё з таго, калі мы прыехалі сюды ў Польшчу. У нас практычна не было знаёмых і мы даведаліся, што збіраліся беларусы. Мы сюды прыходзілі, калі пандэмія была. Дзеці ў нейкія даганялкі гулялі. Чамусьці так склалася, што ў нядзелю мы ідзём да беларусаў. Я разумела за што я выходзіла, а дзеці ішлі да беларусаў. Цяпер яны ўжо разумеюць, што тут збіраюцца менавіта тыя, хто супраць, хто пацярпеў, хто як мы выходзіць. Яны гэта ўсё разумеюць. У нас часамі бываюць такія размовы, што мы так дапамагаем маці і бацьку, што мы пра іх памятаем. Мы хочам, каб увесь свет ведаў, што яны не бандыты. Быў такі выпадак, калі ішла размова, што бацькоў няма, а чаму няма, Ваня сказаў: „Мае бацькі ў турме”. Дзеці спыталі: „Твая маці бандыт?”. Ваня прыйшоў дадому і зразумела, што ў яго не хапіла слоўнікавага запасу, каб патлумачыць дзецям, што маці не бандыт, што маці ў яго герой. Ён настолькі ўсё гэта перажываў. І вось тут у яго, як аддушына такая, тут ведаюць, што маці не бандыт, што маці ў турме, але яна не бандыт. Цяпер ужо канешне дарослыя думкі такія, яны больш разумеюць. Насця чамусьці выражае так свае, Ваня ў нас спартовец такі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З Ганнай Канавалавай гутарыла Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя