Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю пахваліўся нізкай інфляцыяй у Беларусі
Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў пахваліўся нізкай інфляцыяй у Беларусі дзякуючы штучнаму стрымліванню.
У інтэрв’ю тэлеканалу СТБ ён заявіў, што ў нашай краіне рост коштаў – самы павольны сярод суседзяў. „Мы тут чэмпіёны”, – сказаў чыноўнік. Паводле слоў міністра, з таго часу, як уступіла ў сілу пастанова ўрада аб рэгуляванні цэн, індэкс спажывецкіх цэн знізіўся ў Беларусі на 13,8 працэнта: «Інфляцыя 2,7% – гэта самы нізкі ўзровень сярод прасторы, якая атачае нас. У Расеі – 3,3%, у Еўропе сярэдняя інфляцыя 8,5%, у краінах Балтыі – 9-12%. У іх трымаецца рост коштаў», – дадаў Багданаў.
Чыноўнік сказаў, што сёлета інфляцыя ў Беларусі, як і планавалася, не перавысіць 8%, а сістэму штучнага рэгулявання коштаў захаваюць найменш да канца года. Эксперты раней прызнавалі, што дзяржаўнае рэгуляванне сапраўды можа запаволіць інфляцыю, але гэта пагражае дэфіцытам, а таксама заўважным ростам коштаў, калі штучнае стрымліванне адменяць.
***
Замежныя інвестары ўклалі ў эканоміку Беларусі 4,5 мільярды даляраў у першым паўгоддзі. Паводле звестак Белстата, гэта на 5% больш, чым летась. З усёй сумы інвестыцый 3 мільярды было атрымана за I квартал. З усіх інвестыцый на долю прамых прыйшлося амаль 80 працэнтаў. Беларусы ж інвеставалі за мяжу ў першым паўгоддзі суму ў 3 мільярды 100 мільёнаў – гэта амаль на 15% больш за паказчык студзеня-чэрвеня мінулага года.
***
Тураўскаму малочнаму камбінату пагражае дэфолт: прадпрыемства не змагло пагасіць аблігацыі, піша „Эканамічная газета”. Паведамляецца, што асноўная прычына непагашэння намінальнай вартасці аблігацый – фінансавыя цяжкасці, звязанымі з увядзеннем забароны на пастаўку прадукцыі на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. У красавіку Рассельгаснагляд папрасіў ветэрынарную службу Беларусі прыпыніць пастаўкі ў Расею прадукцыі з некалькіх прадпрыемстваў, якія «фальсіфікуюць сыры ялавічным тлушчам». Гаворка ішла аб паўцвёрдым вэнджаным сыры «Тураўскага малочнага камбіната», у якім 26% малочнага тлушчу былі замешчаныя ялавічным.
***
Даляр на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы паказаў максімальны сутачны ў амаль пяць капеек прырост амаль за восем месяцаў. Расейскі рубель пры гэтым значна таннее. Гэта дазваляе Нацбанку захаваць кошт кошыка валют без змен, але з пачатку жніўня ён падаражэў ужо на 1,33%.
1 даляр ЗША каштуе 3,2033 беларускага рубля.
1 еўра – 3,5082 беларускага рубля.
100 расейскіх рублёў – 3,2767 беларускага рубля.
10 польскіх злотых – 7,9058 беларускага рубля.
Найлепшыя курсы валют у польскіх абменніках.
4.03 злотых – 4,06 злотых за даляр.
4.42 злотых – 4.45 злотых за еўра.
Беларускае Радыё Рацыя