Беларускі Чырвоны Крыж правяраюць на адпаведнасць правілам міжнароднага руху



Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца пачаў працэдуру Compliance (адпаведнасць усталяваным правілам) у дачыненні да Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БЧК), паведамляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. 

Па словах кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, да гэтага прывялі дзеянні генсакратара БЧК Дзмітрыя Шаўцова, „звязаныя са з’яўленнем на публіцы з сімвалам расейскай агрэсіі”. Як паведамляюць у НАУ, яго прадстаўнікі правялі сустрэчы з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі і партнёрамі ў Цюрыху і Жэневе, а таксама з беларускай дыяспарай у Швейцарыі. Яны абмяркоўвалі пытанне прыцягвання да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь. „Паводле ацэнак экспертаў, магчымыя наступствы-выключэнне Беларускага чырвонага крыжа з руху або прыпыненне яго ўдзелу ў руху”, — паведамляе прэс-служба НАУ. 

Як распавядала „Еўрарадыё”, кіраўнік БЧК Дзмітрый Шаўцоў з’явіўся на Данбасе ў джэмперы з нашытай літарай Z. Потым ён публічна прызнаў, што БЧК дапамагае ў вывазе ў Беларусь дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. За гэта Украінскае таварыства Чырвонага Крыжа заклікала выключыць Беларусь з міжнароднага руху.

Беларускае Радыё Рацыя