Вадзім Саранчукоў: Для нас ліквідацыя партыі не была сюрпрызам



У Беларусі 14 жніўня 2023 года ў Вярхоўным судзе ліквідавана адна са старэйшых палітычных партыяў Беларусі – партыя БНФ.

Ліквідацыю партыі каментуе выконваючы абавязкі старшыні гэтай партыі Вадзім Саранчукоў:

На самой справе не было ніякіх сюрпрызаў, гэта працяг планамернай зачысткі грамадскага і палітычнага поля ў Беларусі. Таму ўвогуле тыя змены, якія былі ўнесеныя, яны былі ацэненыя, якія не адпавядаюць ні Канстытуцыі, ні міжнароднаму праву. Палітычнае наша рашэнне было не падаваць дакументы на перарэгістрацыю нават не з фармальных прычынаў, а менавіта з палітычных. Таму што фармальна ўводзіцца забарона на дзейнасць палітычных партыяў.

Па словах Вадзіма Саранчукова, некалькі дзесяцігоддзяў працы партыі не былі дарэмнымі:

– Абсалютна перакананы, што тыя дзесяцігоддзі працы партыі мелі свой плён і будуць мець на перспектыву. Бо тыя базавыя каштоўнасці, якія прапісаныя ў нашай праграме, у нашым статуце, нікуды не дзенуцца. Яны ўжо даволі працяглы час сталі мэйнстрымам, сталі асноўнымі для большай часткі нашага грамадства.

Згодна заявы Партыі БНФ з нагоды суда па ліквідацыі, асноўнымі праграмнымі каштоўнасцямі партыі з’яўляюцца «Свабода! Незалежнасць! Адраджэнне!». Вадзім Саранчукоў упэўнены, што гэтыя каштоўнасці будуць дзейнічаць, калі партыя будзе ліквідавана.

Беларускае Радыё Рацыя