Павел Латушка: Дзейнасць Беларускага Чырвонага Крыжа не адпавядае стандартам гэтага руху
Як праверыць дзейнасць Беларускага Чырвонага Крыжа ды чарговыя рэакцыі на выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Палітычныя акцэнты вызначае наш сённяшні госць – намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка.
Беларускі Чырвоны Крыж правяраюць на адпаведнасць правілам міжнароднага руху. Падрабязнасці гэтай справы распытаў Улад Грынеўскі.
РР: Беларускі Чырвоны Крыж (БЧК) правяраюць на адпаведнасць правілаў гэтага міжнароднага руху. Раскажыце падрабязней пра гэта, бо сапраўды трохі спецыфічны гэты Беларускі Чырвоны Крыж. Прадстаўніца БЧК выступала за ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. І старшыня гэтай арганізацыі не вельмі карэктна сябе паводзіць.
Павел Латушка: У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, Чырвоны Крыж павінен паказваць сваю нейтральнасць, ён не мае права праводзіць ідэалогію і палітыку дзяржавы. Тады гэта забяспечвае эфектыўнасць дзейнасці гэтай арганізацыі. Ён не можа займаць нейкі канкрэтны бок у ваенных канфліктах, напрыклад, падчас гэтай вайны. Калі мы глядзім на БЧК, то тут адбываецца ўсё наадварот. Мы бачылі з вамі іх дзеянні, і сёння вось гэтыя заявы, якія прагучалі ад старшыні беларускай арганізацыі Чырвонага Крыжа Шаўцова наконт таго, што яны займаюцца вывазам дзяцей з Украіны. Ён з’явіўся ў вайсковай форме з Z знакамі. Практычна заяўляе пра падтрымку Расейскай Федэрацыі ў вайне. І ўвогуле праводзіць ідэалогію Расеі. Таксама заявы адной з кіраўнічак, калі не памыляюся, гомельскага аддзялення, пра тое, што ядзерная зброя – гэта добра. І гэта ўсё як раз парушае галоўныя прынцыпы дзейнасці Чырвонага Крыжа.
Таму, у адпаведнасці з усімі гэтымі заявамі, у Жэневе, наколькі нам вядома, было прынята рашэнне пачаць працэдуру праверкі адпаведнасці Беларускага Чырвонага Крыжа. І ўжо вынікі ёсць. Па-першае, з афіцыйных партнёраў БЧК сышлі ўсе – як камерцыйныя пазаўрадавыя структуры, так і дзяржаўныя структуры, якія раней падтрымлівалі дзейнасць Чырвонага Крыжа ў Беларусі. Усё, яны засталіся без партнёраў. Бо ніхто з іх не можа падтрымліваць іх дзейнасць – ідэалагізаваную, ваенную, падтрымліваць такія наратывы.
А зараз адбываецца праверка наконт таго, ці будзе прынятае рашэнне, каб Шаўцоў сышоў з пасады кіраўніка БЧК, бо, наколькі я разумею, менавіта такое пытанне пастаўлена перад арганізацыяй БЧК. І тады, калі гэта не адбудзецца, будзе разглядацца пытанне, або прыпыненне ўдзелу ў міжнародным руху Чырвонага Крыжа, або выключэнне беларускай арганізацыі БЧК увогуле з руху. Гэта беспрэцэдэнтнае пытанне, якое, па нашых звестках, ужо пастаўлена. Паглядзім на далейшае развіццё.
Цалкам размова:
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя