У Латвіі выявілі заклікі далучацца да ПВК «Вагнер»
Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі (СДБ) выявіла ў інтэрнэце асобныя простыя і ўскосныя заклікі далучыцца да расейскай групы «Вагнер», паведамляе Delfi са спасылкай на прадстаўнікоў службы. Больш падрабязных каментароў Служба бяспекі не агучыла.
Прадстаўнікі СДБ толькі растлумачылі, што да гэтага часу ў Латвіі не было выяўлена нейкай вонкавай рэкламы групоўкі, напрыклад, налепак або іншых прапагандысцкіх матэрыялаў.
У СДБ таксама нагадалі, што грамадзянам і неграмадзянам Латвіі забаронена служыць ва Узброеных сілах або вайсковай арганізацыі іншай дзяржавы, якая пагражае нацыянальнай бяспецы Латвіі. За парушэнне гэтай забароны прадугледжана крымінальная адказнасць – пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.
Пакаранне ў выглядзе турэмнага тэрміну да дзесяці гадоў таксама прадугледжана за актыўны ўдзел ва ўзброеным канфлікце, што адбываецца за межамі Латвіі, накіраваным супраць тэрытарыяльнай цэласнасці або палітычнай незалежнасці краіны ці іншым чынам супярэчыць міжнароднаму праву, звязанаму з Латвіяй.
СДБ заклікае грамадзян паведамляць пра заўважаныя імі прапагандысцкія матэрыялы ці іншыя спробы завербаваць жыхароў Латвіі ў групоўку «Вагнер».