Чыноўнікі абяцаюць шырокі асартымент айчыннай школьнай прадукцыі
На прылаўках беларускіх крамаў прадстаўлены шырокі асартымент айчыннай школьнай прадукцыі, заявіў кіраўнік міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. Што да цэн на гэтыя тавары, то, паводле слоў міністра, яны ў Беларусі рэгулююцца. Пры гэтым ён паабяцаў захаваць рэгуляванне, каб не было завышэнняў.
„У нас 30-40 працэнтаў – мяжа надбаўкі ў гандлі, нельга паставіць 100-200 працэнтаў на нейкі тавар. У сярэднім па рэспубліцы кошт поўнага набору, уключаючы абутак, адзенне, галантарэйную прадукцыю, канцылярскія і іншыя школьныя прылады, складзе ад 100 да 900 беларускіх рублёў на адно дзіця”, – сказаў Багданаў у эфіры тэлеканала СТВ.
Акрамя таго, паводле слоў кіраўніка ведамства, па выніках мінулага года адзначаецца зніжэнне цэн на школьнае адзенне і прыналежнасці ў сярэднім ад 3 працэнтаў да 7 працэнтаў. Гаворачы пра асартымент, Багданаў адзначыў, што на сённяшні дзень у арганізацыях гандлю прадстаўлена шмат рознага школьнага адзення, абутку, скургалантарэйных тавараў і школьных пісьмовых прылад.
***
Беларусь паспяхова выцясняе Польшчу з рынку бульбяных чыпсаў у Расеі, павялічваючы свае пастаўкі ў краіну. Згодна са звесткамі Федэральнага цэнтра развіцця экспарту прадукцыі аграпрамысловага комплексу Расеі, аб’ём імпарту беларускіх чыпсаў у Расею значна ўзрос у перыяд з 2018 па 2022 год. Летась было пастаўлена 7 тысяч тон чыпсаў з Беларусі, у той час як у 2018 годзе гэты аб’ём складаў усяго толькі 1,600 тон. Польшча, якая раней займала другое месца па імпарце чыпсаў у Расею, сутыкнулася са зніжэннем сваіх паставак. Калі ў 2018 годзе з Польшчы было імпартавана 5,2 тысяч тон чыпсаў, то летась гэты аб’ём скараціўся да 1,100 тон. Важна адзначыць, што апроч Беларусі і Польшчы, на рынку бульбяных чыпсаў у Расеі пачынае з’яўляцца Кітай.
***
Чэкі «Жыллё» зноў праіндэксаваны ў Гарадзенскай вобласці
Чэкі «Жыллё» зноў праіндэксаваны ў Гарадзенскай вобласці. Адпаведнае рашэнне Гарадзенскага аблвыканкама №407 ад 9 жніўня афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Згодна з дакументам, індэкс росту кошту будаўніцтва жылля ў параўнанні з яго коштам на 31 снежня 1991 года для індэксацыі чэкаў «Жыллё» усталяваны ў памеры 30,16.
Гэта сёлета другая індэксацыя, раней чэкі „Жыллё” былі праіндэксаваныя 14 красавіка ў памеры 27,69. Імянныя прыватызацыйныя чэкі „Жыллё” могуць выкарыстоўваць грамадзяне і чальцы іх сем’яў, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, для аплаты паявога ўзносу ў жыллёвым або жыллёва-будаўнічым кааператыве, фінансавання індывідуальнага або калектыўнага жыллёвага будаўніцтва, рэканструкцыі, долевага ўдзелу ў жыллёвым будаўніцтве.
Акрамя таго, з дапамогай чэкаў можна купіць жыллё або пагасіць крэдыт у банку з працэнтамі за карыстанне імі і пазыку юрыдычных асоб, узятую і выкарыстаную на будаўніцтва або набыццё жылля. Індэкс росту кошту чэкаў „Жыллё” разлічваецца на падставе статыстыкі аб сярэдняй цане 1 кв м агульнай плошчы жылля, якое будуецца з дзяржпадтрымкай, у параўнанні з коштам яго будаўніцтва па стане на 31 снежня 1991 г.
***
Даляр паказаў нечаканы вынік паводле таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ).
Амерыканская валюта не проста перапыніла ўдалую серыю, якая доўжылася з 9 жніўня, але і пацярпела вельмі сур’ёзную паразу. Грашовая адзінка ЗША патаннела адносна беларускага рубля больш чым на 2,5 працэнта. Сур’ёзнае падзенне курса зафіксавана і ў кітайскага юаня. Расейскі рубель здолеў вярнуцца да росту.
Далар цяпер каштуе 3,1833 бел. рублі.
Еўра па выніках таргоў перасягнуў планку ў 3,5052 бел. рублі.
За 100 расейскіх рублёў – 3,289 бел.рублі.
За 10 польскіх злотых 8.0598 рубля
Найлепшыя курсы ў польскіх абменніках:
4.09 – 4.12 за даляра
4.47 – 4.50 за еўра.
Беларускае Радыё Рацыя