Агляд СМІ



У Варшаве адбыўся самы вялікі ваенны парад за апошнія 30 гадоў. У ЗША дамаўляюцца з Кіевам і Анкарай пра новыя маршруты паставак збожжа. Афганістан: на гуманітарныя патрэбы не хапае грашовых сродкаў. Урад Нямеччыны зробіць першы крок да частковай легалізацыі марыхуаны? Пра гэта падрабязняй у аглядзе сусветных СМІ Антона Разумоўскага.

Фота: Wyborcza.pl

У Варшаве прайшоў найбуйнейшы ваенны парад за апошнія 30 гадоў, прымеркаваны да Свята Войска Польскага, паведамляе „Гордон”. На ім выступіў прэзідэнт Анджэй Дуда, які гаварыў пра баяздольнасць польскага войска і падтрымку Украіны.

Кожны ў Польшчы павінен разумець, што мы будзем падвяргацца розным правакацыям. Такі час прыйшоў. Таму мы павінны быць у сталай гатоўнасці. Мы добра падрыхтаваны для забеспячэння бяспекі Польшчы. Але мы таксама будзем надзвычай адказнымі. Мы не паддадзімся правакацыям, – заявіў прэзідэнт Анджэй Дуда. Польскі прэзідэнт таксама нагадаў аб падтрымцы Украіны і раскрытыкаваў праціўнікаў прадастаўлення такой дапамогі.

Авіяцыйная частка парада складалася з авіятэхнікі савецкага, польскага і заходняга ўзору. Над трасай Wisłostrada праляцелі верталёты UH-60 Black Hawk, AH-64 Apache, Мі-2, Мі-8, Мі-14, PZL W-3 Sokół і першы шматмэтавы верталёт італьянска-брытанскай вытворчасці AW101, які нядаўна атрымала Польшча. У суправаджэнні знішчальнікаў праляцеў прэзідэнцкі Boeing 737-800 і Gulfstream G550. На наземнай частцы парада паказалі танкі K2, Leopard 2, польскія і амерыканскія Abrams, САУ К9, самаходны мінамёт RAK, амерыканскія БМП Bradley, польскія БТР Rosomak, пускавыя ўстаноўкі комплексаў СПА Patriot і РСЗА Himars.

Амерыканскія ўлады ўзаемадзейнічаюць з калегамі з Анкары, Кіева і шэрагу ўсходнееўрапейскіх дзяржаў наконт фармавання новых шляхоў паставак збожжа пасля выхаду Расеі са збожжавай здзелкі. Пра гэта паведамляе выданне Wall Street Journal. У Вашынгтоне разлічваюць восенню нарасціць пастаўкі ўкраінскага збожжа да 4 мільёнаў тон за месяц праз раку Дунай. Акрамя таго, разглядаецца варыянт экспарту праз Чорнае мора ў румынскія парты.

Праз два гады пасля прыходу да ўлады ў Аўганістане талібаў, запатрабаванні ў гуманітарнай дапамозе па ўсёй краіне рэзка ўзраслі, адзначае The Guardian. У дапамозе маюць патрэбу амаль 29 мільёнаў афганцаў. Гэта дадзеныя Міжнароднага камітэта выратавання (IRC). Аднак недастатковае фінансаванне з’яўляецца самай вялікай перашкодай для падтрымкі і пашырэння гуманітарнага рэагавання, што ставіць пад пагрозу насельніцтва, якое мае патрэбу ў падтрымцы. У справаздачы па Аўганістане паказваецца, што ў гэтай краіне адзін з самых высокіх паказчыкаў недаядання ў свеце, ад якога пакутуюць амаль 3 мільёны 200 тысяч дзяцей і 840 000 цяжарных і маці нованароджаных.

Кабінет міністраў Олафа Шольца разгледзіць пытанне пра частковую легалізацыю марыхуаны, піша „Нямецкая хваля”. Згодна з прапановамі, дазволена будзе захоўваць да 25 грамаў канабіса для асабістага карыстання і вырошчваць не больш за тры кусты расліны ў хатніх умовах. Паліцыя і суддзі выступаюць супраць легалізацыі. У суботу некалькі соцен жыхароў краіны выйшлі на дэманстрацыю ў падтрымку легалізацыі. Канапляны парад у Берліне праводзіцца з 1997 года. Курэнне марыхуаны ў Германіі дэкрыміналізавана, але яе вырошчванне і продаж – яшчэ пакуль лічацца правапарушэннем. „Яе ўсё роўна ўжываюць. Пытанне ў тым, што калі пакінуць яе па-за законам, то яна застанецца на чорным рынку. Там няма абароны непаўнагадовых, ніхто з прадаўцоў не пытаецца дакументы, у той час як пры кантралюемым распаўсюдзе можна забяспечыць менавіта такую абарону”, – кажа адзін з дэманстрантаў. Аднак аб свабодным продажы размова пакуль і не ідзе.

Беларускае Радыё Рацыя