Эмануэліс Зінгерыс: Для нас беларусы – гэта не расейцы
У Літве ўсё больш ідзе размоваў пра тое, каб прыраўняць беларусаў да расейцаў. Гэтае пытанне час ад часу падымае прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. І хоць Сейм Літвы не падтрымаў раней гэтую ідэю, але ўсё ж беларусы асцерагаюцца, што такое можа здарыцца.
На пытанне, чаму так адбываецца, адказвае літоўкі палітык Эмануэліс Зінгерыс, кіраўнік літоўскай дэлегацыі пры парламентарнай асамблеі Рады Еўропы, член камітэта па замежных еўрапейскіх справах, віцэ-прэзідэнт Камітэта па еўрапейскіх справах Парламента Літвы.
– Адзін раз ужо прагаласавалі, што беларусы – гэта не расейцы. Далей будзем трымаць тую ж самую лінію. Нягледзячы на тое, што нам цяжка зразумець на мяжы, хто гэтыя людзі, што гэта за плыні і ці могуць быць інфільтраваныя ў іх людзі з маскоўскай выведкі і беларускага КДБ. Для нас беларусы – гэта не расейцы. Мы 700 гадоў жылі разам з беларусамі, гэта Вялікае Княства Літоўскае. Толькі што пелі пра літоўскую „Пагоню” у беларускім гімне. Дык вось гэтая „Пагоня” вісіць тут над намі, над гмахам вялікіх князёў, яна нас аб’ядноўвае.
Цяпер у Літве жыве 55 тысяч беларусаў. Са студзеня гэтага года беларусам выдадзена больш за 10 000 відаў на жыхарства. Па меркаванні літоўскіх уладаў, пагрозу Літве ўяўлялі 910 беларусаў – з іх 337 чалавек не атрымалі від на жыхарства, а 205-ці чалавекам ён быў скасаваны.
Беларускае Радыё Рацыя