Краіны Балтыі і Польшча абмяркуюць поўнае закрыццё межаў з Беларуссю



Краіны Балтыі і Польшча гавораць пра магчымасць поўнага закрыцця межаў у Беларусі, канчатковыя акцэнты будуць узгодненыя ў Варшаве 28 жніўня, паведаміла BNS міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Паводле яе, гаворка ідзе пра „рэгіянальнае рашэнне”.

„Тыдзень таму я мела размову з міністрам унутраных спраў Польшчы. Мы дамовіліся, што зараз на тэхнічным узроўні ўзгадняем тэхнічныя дзеянні і алгарытмы, як гэта выглядала б, калі б такое рэгіянальнае рашэнне было прынятае, калі б гэта зрабілі адначасова краіны Балтыі і Польшча”, — сказала міністарка журналістам.

Паводле яе, цяпер краіны працуюць над пытаньнем „на тэхнічным узроўні”, а падчас сустрэчы ў Варшаве міністры краін Балтыі і Польшчы „расставяць канчатковыя акцэнты на тым, як мусіць выглядаць так званая сынхранізацыя”.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус пры гэтым заявіў, што адначасовае закрыццё ўсіх шасці пунктаў на мяжы з Беларуссю выкліча вялікія арганізацыйныя праблемы.