Вадзім Мажэйка: „Вагнер” асвойваецца ў Беларусі
Амаль месяц прадстаўнікі ЧВК Вагнер знаходзяцца ў Беларусі.
Як выглядае дзейнасць кампаніі Прыгожына ў Беларусі, распавядае палітычны аналітык з аналітычнай супольнасці „Наша меркаванне” Вадзім Мажэйка:
– „Вагнер” шукаў сабе базу, куды яны могуць перадыслакавацца на пэўны час. Падобна, што гэта атрымалася. Напэўна шукаюць зараз новыя напрамкі працы, дзе яны могуць зарабіць у Беларусі, у Афрыцы ці дзе-небудзь яшчэ. У прынцыпе гэта тыповая справа для наймітаў.
Палітычны аналітык таксама каментуе інфармацыю пра тое, што ў СМІ пачалі з’яўляцца звесткі адносна спансавання ЧВК Лукашэнкам:
– Відавочна яны заснаваныя на аналізе, на відавочных фактах, што кшталту „Вагнер” быў у Расеі, значыць фінансавала Расея, цяпер у Беларусі, значыць фінансуе Беларусь. Мне падаецца, што наўрад ці гэта цалкам адпавядае рэчаіснасці, бо мы не ведаем усіх дэталяў і дачыненняў паміж Пуціным і Прыгожыным.
Ён кажа, што прадстаўнікі ЧВК спрабуюць рабіць інфармацыйныя ўкіды з фэйкавымі здымкамі з памежнымі слупамі Літвы, або плацяць грамадзянам РФ, якія расклейваюць улёткі ЧВК у Польшчы – усё гэта частка інфармацыйнай вайны, якой таксама займаецца ЧВК.
Беларускае Радыё Рацыя