З-за анамальнай спякоты ўзведзенае абмежаванне на наведванне лясоў



На тэрыторыі ўсёй Беларусі, за выключэннем некалькіх раёнаў Віцебскай і Магілёўскай абласцей, з-за анамальнай спякоты ўзведзенае часовае абмежаванне на наведванне лясоў. Са свайго боку Міністэрства лясной гаспадаркі паведамляе, што ўсе структурныя падраздзяленні ведамства працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, кантроль за пажарнай сітуацыяй у лясах ажыццяўляецца усімі наземнымі і паветранымі сіламі.

Былы супрацоўнік пінскага аддзелу па надзвычайных сітуацыях адзначае, што такое надвор’е – гэта самы складаны час для ратавальнікаў:

Цяпер устанавілася сухое і спякотнае надвор’е, такая ж тэмпература паветра чакаецца ў бліжэйшы час. Гэта дастаткова спякотны час для падраздзяленняў пажарнай аховы. Пажарная нагрузка дастаткова вялікая, найбольш магчымае ўзнікненне прыродных пажараў, то бок пажараў лясоў і тарфяных пажараў. Гэта небяспека захоўваецца, а ў сувязі з тым, што на вуліцы дастаткова спякотна, гэта небяспека шматразова павялічваецца.

Міністэрства лясной гаспадаркі нагадвае, што за парушэнне часовых правіл бяспекі грамадзян чакае штраф у памеры 444 рублёў. Але ў выніку нанясення шкоды гэтыя лічбы могуць павялічацца ў дзясяткі разоў.  

Беларускае Радыё Рацыя