Андрэй Ягораў: Значную частку часу ў КР занялі працэсы ўнутранай арганізацыі
Каардынацыйная Рада ці беларускі протапарламент. Каардынацыйная Рада сябе пазіцыянуе як адзіны прадстаўнічы орган беларускага грамадства. Яна стваралася з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай з мэтай арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу ў Беларусі.
Яе дзейнасць абмяркоўваем з нашым госцем – спікерам гэтай палітычнай структуры – Андрэем Ягоравым. Структуру багата крытыкуюць у дэмакратычнай супольнасці.
Як на гэту крытыку адказваць ды якія першыя заўважныя палітычныя вынікі працы. Абмяркоўваем з нашым госцем.
РР: Ці бачыце вы ўжо сёння нейкія вынікі Каардынацыйнай Рады? Бо калі ўзгадаць, як усё пачыналася, было вельмі багата крытыкі. Многія палітычныя аналітыкі не маглі зразумець, чым будзе займацца Каардынацыйная Рада.
Андрэй Ягораў: Можна пабачыць пэўныя вынікі Каардынацыйнай Рады. Перш за ўсё я хачу адзначыць тое, што гэта такая аб’яднаўчая пляцоўка, дзе разам сутыкаюцца, сустракаюцца, дэбатуюць самыя розныя грамадскія аб’яднанні і палітычныя сілы Беларусі. І гэта ці не галоўная пляцоўка, якая аб’ядноўвае перш за ўсё. Прычым аб’ядноўвае розных і згодных паміж сабой людзей, і прадстаўнікоў структур. Вельмі важна, што гэта склалася і працуе. Ну, і з апошняга, што мажліва ўсе маглі пабачыць адкрыта, – гэта слуханні ў Каардынацыйнай Радзе. Няхай не дасканалы, але ўсё ж важны першы крок для зараджэння такога беларускага парламентарызму. Я маю на ўвазе рэальнага народаўладдзя, значыць, сістэмы, у якой нацыянальны ўрад сапраўдны адказны перад прадстаўнікамі народа. І тыя слуханні, якія рабіла Каардынацыйная Рада з Аб’яднаным пераходным кабінетам, – гэта выразны вынік супольнай дзейнасці сяброў Каардынацыйнай Рады і тых розных структураў у кааліцыі, у фракцыі, якія прадстаўленыя ў Каардынацыйнай Радзе.
РР: Вось гэтыя слуханні. Я таксама раблю сваю такую кропку адліку, калі Каардынацыйная Рада паказала сваю нейкую працу. Бо раней, вядомая справа, былі працы па розных накірунках, але гэта было, напэўна, больш калуарна. Як бы вось гэта патлумачылі?
Андрэй Ягораў: Значную частку часу ў Каардынацыйнай Радзе занялі працэсы ўнутранай арганізацыі, структуравання фракцый, стварэння працоўных групаў, камісіяў, наладжванне стасункаў з Аб’яднаным пераходным кабінетам, са Святланай Ціханоўскай. Гэта было важна для ўнутранай арганізацыі. І, ведаеце, такія парламенцкія стуркутры самі па сабе няхуткія.
Калі мы паглядзім, як працуе Еўрапейскі парламент або парламент у іншых краінах, то яны, у параўнанні з выканаўчай уладай, якая жыве ў больш імклівым часе, больш павольныя, таму што гэта дэмакратыя. Там шмат розных інтарэсаў. Проста колькасць людзей, якія ўваходзяць, 110 чалавек, якія зараз з правам голасу ў Каардынацыйнай Радзе, ім трэба дамовіцца. Нешта такога хуткага, шмат падзеяў, якія ствараюцца каардынацыйнай Радай, такога не трэба чакаць.
Былі слуханні і па палітычных зняволеных, якія арганізоўвала Каардынацыйная Рады, і дэбаты ўнутры па стратэгіі пераходнага перыяду, якія вядуцца і яшчэ не скончаныя, па еўрапейскай перспектыве, якія арганізоўвала Каардынацыйная Рада. Гэта тое, што павінна завершыцца пэўнымі рашэннямі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя