Міністарка эканомікі Літвы заступілася за беларусаў, што збеглі ад рэжыму Лукашэнкі



Міністарка эканомікі Літвы заступілася за беларусаў, што збеглі ад рэжыму Лукашэнкі.

Аўшрыне Арманайце, якая кіруе Міністэрствам эканомікі ды інавацыяў, дала інтэрв’ю радыёстанцыі Ziniu radijas, у якім заявіла, што цяперашняя сітуацыя, калі абмежаванняў для грамадзян Беларусі ў Літве менш, чым для грамадзян Расейскай федэрацыі, з’яўляецца справядліваю і збалансаванасцю.

Яна выступіла супраць увядзення мацнейшых абмежаванняў для беларусаў, бо гэта негатыўна адаб’ецца на бізнесе.

«Прапануем не пужаць гэтых людзей, не выганяць іх з Літвы. Яны пакідалі свае дамы, шмат хто прыехаў з дзецьмі і змяніў сваё жыццё. Кагосьці выкінулі з Беларусі, хтосьці ўцякаў, баючыся рэпрэсіяў і адабрання маёмасці. Літва і Польшча сталі домам для гэтых людзей», – падсумавала літоўская міністарка эканомікі.

Беларускае Радыё Рацыя