Агляд СМІ
Рэжым Лукашэнкі ўзмацніў рэпрэсіі супраць Анджэя Пачобута. Катастрафічныя пажары на Тэнэрыфэ. Чорныя плямы попелу ў акіяне. У Партугаліі сутыкнуліся два трамваі. Больш за дзясятак пацярпелых. Куратар краў антыкварныя каштоўнасці з Брытанскага музея? Падрабязнасці ў аглядзе сусветных СМІ.
Палітвязня, журналіста і актывіста Анджэя Пачобута перавялі на паўгода ў штрафны ізалятар, напісала ў „Фэйсбук” яго жонка Аксана. Пачобут паведаміў жонцы, што адмовіўся ад працы, якую «не можа выконваць». Умовы ў штрафным ізалятары яшчэ больш цяжкія, чым у іншых турэмных камерах, пішуць Onet Wiadomosci. Перад пераводам Пачобута прайшлі абследаванні яго здароўя. Фельчэр, які аглядаў Пачобута, „не захацеў падпісваць заяву аб тым, што стан здароўя дазваляе яго ўтрымліваць у „камеры ўзмоцненага рэжыму” бо падчас агляду былі выяўленыя парушэнні сардэчнага рытму і артэрыяльнага ціску.
Самы небяспечны пажар на Тэнэрыфэ за некалькі дзесяцігоддзяў, адзначаюць эксперты, піша Еuronews. Амаль 4 тысячы чалавек былі эвакуяваныя са сваіх дамоў, агонь ахапіў ужо больш за 2,5 тысячы гектараў лесу. З агнём змагаюцца 350 пажарных і вайскоўцаў. Пажар пачаўся каля вулкана Тэйдэ і за 24 гадзіны распаўсюдзіўся на поўнач выспы. Урад аўтаномнай супольнасці Канарскіх выспаў абвясціў, што раніцай была загадана эвакуацыя ў муніцыпалітэтах Эль-Расарыё і Ла-Аратава. У агульнай складанасці амаль 4000 чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы на Тэнэрыфэ з-за пагрозы хуткага пажару. Попел ужо трапіў у ваду ля ўзбярэжжа Тэнэрыфэ, што пацвердзілі мясцовыя СМІ. Яны адзначылі, што чорныя плямы вады, забруджаныя попелам ад пажараў, назіраліся ў некалькіх месцах вакол Канарскай выспы. Улады не хаваюць пагрозы, якая пагражае турыстычным курортам. Выспы пакрыта соснамі. Калі агонь не ўдасца хутка ўзяць пад кантроль, ён можа перамясціцца ў бок Санта-Крус або Пуэрта-дэ-ла-Крус, размешчаных на поўдні Тэнэрыфэ. У той жа час улады паведамляюць, што міжнародны аэрапорт працуе без збояў.
Небяспечнае сутыкненне двух трамваяў у цэнтры партугальскага Лісабона, піша газета „Diario de Noticias”. У аварыі пацярпелі не менш за 13 чалавек, у тым ліку замежнікі і трое дзяцей. Ніхто з пасажыраў сур’ёзна не пацярпеў, але восем пасажыраў былі дастаўлены ў шпіталь. Прычыны аварыі пакуль невядомыя, абставіны здарэння высвятляюць службы. Лісабон – сталіца Партугаліі – славіцца сваёй разгалінаванай трамвайнай сеткай, па якой рухаюцца сучасныя, але і гістарычныя транспартныя сродкі. Гэта адна з самых характэрных славутасцяў горада для турыстаў.
Чалавек, які скраў прадметы з Брытанскага музея, – гэта даўні куратар музея і вядомы эксперт па старажытнагрэчаскім мастацтве Пітэр Джон Хігс, паведамілі ў Daily Telegraph і Times. Як высветлілася, выстаўленыя рэчы ён прадаваў на eBay з 2016 года. Брытанскі музей у Лондане, адзін з найважнейшых і найбольш наведвальных музеяў у свеце, паведаміў, што супрацоўнік быў звольнены пасля таго, як шэраг прадметаў з калекцыі музея былі выяўленыя зніклымі, скрадзенымі або пашкоджанымі. Як тлумачыцца, зніклыя прадметы ўключаюць «залатыя ўпрыгажэнні, напаўкаштоўныя камяні і шкляныя каштоўнасці XV стагоддзя да н.э. да ХІХ ст. н.э.”, прычым большасць з іх — „дробныя прадметы, якія захоўваюцца ў запасніку адной з калекцый музея”. 56-гадовага Хігса звольнілі ў пачатку года. Ён працаваў у Брытанскім музеі ў якасці старшага куратара з 1993 года, быў вядучым спецыялістам па старажытнагрэчаскаму мастацтву, рыхтаваў выставы па гэтай тэме і быў аўтарам суправаджальных каталогаў. Брытанскі музей адмовіўся назваць колькасць і кошт зніклых прадметаў, але абверг інфармацыю аб тым, што яны каштуюць 80 мільёнаў фунтаў. Як піша Times, яны не былі застрахаваныя.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя