БАТЭ згуляў унічыю, „Нёман” прайграў у кваліфікацыі еўракубкавых футбольных турніраў



Два беларускія футбольныя клубы няўдала правялі чарговыя паядынкі кваліфікацыі еўрапейскіх кубкавых турніраў.

У матчы ў адказ 3-га кваліфікацыйнага раунда Лігі Еўропы барысаўскі БАТЭ ў венгерскім Мезекевешдзе згуляў унічыю з малдаўскім „Шэрыфам” – 2:2. Барысаўчане выйшлі наперад на 25-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Арцёма Канцавога, але потым двойчы прапусцілі з пенальці. На 40-й хвіліне вызначыўся Рыкардзіньё, а перад самым перапынкам яго поспех паўтарыў Луванор. У канцы сустрэчы Дзяніс Лапцеў аднавіў парытэт. На мінулым тыдні ў Ціраспалі барысаўчане прайгралі з буйным лікам 1:5. Такім чынам, „Шэрыф” паспрачаецца за выхад у групавы этап Лігі Еўропы з клубам „Клаксвік” з Фарэрскіх выспаў. БАТЭ пераходзіць у плэй-оф кваліфікацыі Лігі канферэнцый, дзе яго супернікам будзе косаўскі „Балкані”.

У 3-м кваліфікацыйным раундзе Лігі канферэнцый гарадзенскі „Нёман” у венгерскім Дзьеры саступіў славенскаму „Цэле” з лікам 1:4. У першай гульні падначаленыя Ігара Кавалевіча прайгралі 0:1. Гарадзенскі клуб завяршыў свой еўракубкавы сезон, а „Цэле” паспрачаецца за трапленне ў групавую стадыю з ізраільскім „Макабі” з Тэль-Авіва. Тым часам сталі вядомыя яшчэ 7 удзельнікаў раунда плэй-оф Лігі канферэнцый. Імі сталі „АПАЭЛ”, „Легія”, „Бран”, „Вікторыя”, „Леўскі”, „Наршэллан”, „Ферэнцвараш” і „Твэнтэ”. Асабліва вылучаецца поспех «Легіі». Палякі прайгралі з розніцай у адзін мяч „Аўстрыі” на хатняй арэне, але на выездзе павялі 3:0. Венскія футбалісты адзін мяч адыгралі, а, пачынаючы з 80-й хвіліны, каманды паспелі забіць яшчэ па два галы кожная 5:3.

„Мяшкоў Брэст” пераможна стартаваў у Кубку Белгазпрамбанка

Чэмпіёны Беларусі гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” пераможна пачалі выступы ў розыгрышы Кубка Белгазпрамбанка. У сваім першым паядынку на пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” гаспадары спаборніцтваў упэўнена перайгралі турэцкую „Сакар’ю” – 37:24. Сёння берасцейцы сустрэнуцца з чэмпіёнам Расіі маскоўскім ЦСКА. У апошні дзень турніру 19 жніўня „Мяшкоў Брэст” згуляе з „Зенітам”. У мінулым сезоне Кубак Белгазпрамбанка выйграла зборная Беларусі. Часцей за іншых пераможцам гэтага турніру станавіўся „Мяшкоў Брэст”, у якога восем трафеяў.

Хакеісты „Нёмана” прайгралі краснаярскаму „Сокалу” ў матчы „Еўра-Азіяцкага Кубка дружбы”

У гарадзенскім Лядовым палацы спорту працягваецца „Еўра-Азіяцкі Кубак дружбы” па хакеі – новы турнір з удзелам клубаў Беларусі, Расіі, Казахстана і Узбекістана. У другім матчы папярэдняга раунда „Нёман” прымаў „Сокал”, які прадстаўляе Усерасійскую хакейную лігу. У паядынку двух лідараў адборачнай групы больш пераканаўча глядзеліся госці: ужо да 22-й хвіліны сустрэчы „Сокал” забяспечыў лідарства ў тры шайбы, і толькі бліжэй да другога перапынку „Нёман” здолеў скараціць адставанне – 2:3. Праўда, у заключнай трэці гульцы краснаярскага клуба вярнулі буйную перавагу, і на гэты раз гаспадары лёду нічым адказаць не змаглі. Фінальны лік – 5:2 на карысць „Сокала”.

Аліна Шаўчук заваявала бронзу моладзевага чэмпіянату свету па барацьбе

У сталіцы Іярданіі Амане працягваецца маладзёжны чэмпіянат свету па барацьбе, удзел у якім прымаюць беларускія спартоўцы. Чарговай медалісткай планетарнага першынства сярод атлетаў не старэйшых за 20 гадоў з Беларусі стала Аліна Шаўчук у вагавай катэгорыі да 68 кг. У сутычцы за бронзу яе суперніцай была Ізабэла Мір з ЗША. Паядынак за трэцяе месца скончыўся ўпэўненай перамогай беларускі з лікам 8:1.

Беларускае Радыё Рацыя