Асаблівае свята для Польскай Праваслаўнай царквы — свята Праабражэння



Свята Гасподняга Праабражэння, якое святкуецца 19 жніўня, – адно з найвялікшых святаў праваслаўнай хрысціянскай традыцыі. У гэты дзень веруючыя духоўна перажываюць евангельскую падзею, якая адбылася на біблейскай гары Фавор, калі Хрыстос праз нашу чалавечую прыроду явіў ззянне Божай славы. Хрыстос праменямі Божай энергіі прасвятліў людскую існасць. Малітоўнае перажыванне гэтай падзеі паказвае, што кожны Гасподні вучань пакліканы да напаўнення сваёй прыроды Божай славай і нябесным святлом.

Свята Праабражэння мае асаблівае значэнне для Польскай Праваслаўнай царквы. Па справядлівасці гэты дзень можна назваць днём духоўнага адзінства Польскай Праваслаўнай царквы, бо менавіта ў гэты дзень вернікі і духавенства ўсіх епархій збіраюцца на святой гары Грабарцы, каб уславіць Хрыста-Збаўцу. Падляшскія дарогі вядуць да святой гары тысячы паломнікаў: дзеці, моладзь і пажылыя людзі, у святочнай вопратцы і ўніформе, цэлыя сем’і і госці з іншых краін. Большасць прыходзяць з крыжамі ў руках, з малітвамі, з рознымі просьбамі і інтэнцыямі.

Традыцыя здзяйсняць паломніцтвы сюды бярэ пачатак з 1710 года. У той час аднаму з мясцовых жыхароў было адкрыццё, што кожны, хто прыйдзе туды і нап’ецца вады з крыніцы, будзе выратаваны ад пануючай эпідэміі халеры. З цягам часу, тут была пабудавана капліца, а потым і царква. У 1947 годзе тут быў заснаваны жаночы манастыр.

Сёлета з Беластоку пілігрымка на Грабарку вырушыла ўжо трыццаць восьмы раз. Нягледзячы на незвычайную спякоту, паломнікі ідуць да святой гары таксама з: Варшавы, Бельска, Гайнаўкі, Саколкі, з Яблачына, Сямятыч, з Мілейчыц, Нароек, Рагаўкі, Верстака, а таксама з навакольных вёсак вакол самой Грабаркі вёсак. Гэтым годам да паломніцтва далучыліся таксама вернікі з польскай праваслаўнай парафіі ў Брусэлі. Пілігрымы прыбываюць пешшу і на роварах, аўтобусамі і прыватнымі аўтамабілямі.

Сёння, напярэдадні свята на Грабарцы была адслужана св. Літургія, а перад службаю адбылося асвячэнне вады. Увечары перад Усяночным трываннем на святой гары Грабарцы плануецца ўрачыстая сустрэча паломніцкіх хрэсных ходаў і архірэяў Польскай царквы, якія прыбываюць на свята. Пасля ўрачыстай вячэрні плануецца супольная вячэра і а 23-й гадзіне будзе адслужана Паніхіда.

У сам дзень Праабражэння на Грабарцы адслужаць чатыры Літургіі. Пасля позняй літургіі адбудзецца ўрачысты хрэсны ход і традыцыйнае асвячэнне садовых пладоў.

Айцец Георгі Рой, Беларускае Радыё Рацыя