Пагроза з боку Беларусі расце, кажуць у Канцылярыі прэзідэнта Польшчы
Кіраўнік прэзідэнцкага Дэпартамента міжнароднай палітыкі Марцін Пшыдач ацаніў, што агрэсіўная палітыка Беларусі ў дачыненні да Польшчы вызначаецца расейскім уплывам.
Кіраўнік прэзідэнцкага Дэпартамента міжнароднай палітыкі Марцін Пшыдач ацаніў, што пагроза з боку Беларусі расце. Госць Першай праграмы Польскага радыё падкрэсліў, што агрэсіўная палітыка Беларусі ў дачыненні да Польшчы вызначаецца расейскім уплывам.
Марцін Пшыдач нагадаў, што цяпер у Беларусі знаходзяцца найміты з „Групы Вагнера”:
– У Беларусі паявіліся не толькі мігранты, але і крыміналісты з „Групы Вагнера”, якія рабілі найгоршыя рэчы ва Украіне. Сёння яны ўяўляюць пагрозы для цэлага ўсходняга флангу NATO, гаворка не толькі пра Польшчу, але таксама Літву і Латвію.
Прэзідэнцкі міністр дадаў, што ў Маскве і Менску ўсведамляюць моц NATO, саюзнікам якога з’яўляецца Польшча. Марцін Пшыдач таксама падкрэсліў, што краіна, дзякуючы мадэрнізаванай арміі, праводзіць палітыку стрымлівання. Аднак, як ён адзначыў, магчымыя паўторныя спробы дэстабілізаваць польска-беларускую мяжу.