„Палітра прагнозаў“



Падчас войнаў і катаклізмаў на паверхню інфармацыйнай прасторы выпаўзаюць рознага кшталту спецыялісты, якія пазіцыянуюць сябе як «кантакцёры з вышэйшымі сіламі». Гэта значыць, што ім адкрываюцца нейкія Веды, і існуе неабходнасць данесці іх людзям. Як правіла, шкоды ад прарокаў няма, яны проста займаюць сваю нішу ў эфірным часе і маюць зацікаўленую аўдыторыю.

Але палітра прагнозаў настолькі шырокая, што араць на гэтай ніве могуць не толькі „кантакцёры”: з экранаў тэлевізараў, мабільных тэлефонаў і кампутарных манітораў на нас ціснуць аўтарытэтным меркаваннем эксперты. Паўтара гады поўнамаштабнай вайны ва Украіне – васямнаццаць месяцаў рэкамендацый, як змагацца з ворагам, як кіраваць краінай, як апранацца Прэзідэнту. І яшчэ: калі Байдэн (Шольц, Макрон) на афіцыйнай сустрэчы кагосьці з кімсьці дакрануўся сярэднім пальцам правай рукі да левага вуха, ці значыць гэта, што самалёты (танкі, грошы) хутчэй дадуць, чым не дадуць?

На жаль, інфармацыйная ахайнасць пакідае жадаць лепшага, а меркаванні спецыялістаў і абывацеляў ужо ніхто не размяжоўвае. Тыя, якія напярэдадні расейскага ўварвання пераконвалі, што „нічога не адбудзецца, усё – блеф”, зараз разважаюць аб працягласці вайны і прапануюць сваю „формулу міру” як адзіна правільную. Часта падобныя выказванні вырываюцца з кантэксту і падаюцца на Рос-ТВ, як пазіцыя афіцыйных асоб Украіны. Такім чынам, экспертнасць сканчаецца там, дзе пачынаецца падыгрыванне ворагу. Няхай несвядомае, але лепш бы эфірны час заняў бяскрыўдны «кантакцёр». А Галоўнакамандуючы ЗСУ Залужны і Прэзідэнт Зяленскі неяк гэта перажывуць.

Беларускае Радыё Рацыя