Акварэлія Новік: Планую сустракацца з Kriwi, ладзіць канцэрты



Пытанні з легалізацыяй развязаныя, цяпер можна планаваць больш выездаў у іншыя краіны Еўропы. Пра гэта расказала спявачка Акварэлія Новік, якая перабывае ў эміграцыі ў Польшчы. Яна адзначыла, што апошнім часам выступы ўдавалася даваць толькі ўнутры краіны:

— Гэты год такі троху цяжкі быў, бо я не мела дакументаў, скончылася віза, і не магла канцэрты даваць у Польшчы. На жаль, мы з гуртом Kriwi не сустракаліся сёлета, і некалькі канцэртаў нават без мяне нават гралі. Але ў Польшчы мы з Андрусём Такіндангам выступалі для дзяцей і дарослых з нашымі двума праектамі. Для дзяцей з песнямі пра Пэтсана і Фіндуса, і калядны праект. Для дарослых спявалі, ездзілі ў Варшаву, Гданьск, Кракаў, Вроцлаў, Познань. Ну і таксама выкладаю спевы, праводжу вакальную тэрапію для дзяцей і дарослых. Сёлета пачала праект — спяваю, перакладаю замежныя хіты на беларускую мову. Планую сустракацца з Kriwi, ладзіць канцэрты. Бо я ўжо атрымала картку і магу ездзіць па Еўропе.

РР: Вакальная тэрапія — што гэта такое, хто яе наведвае, якую мэту ставяць перад сабою?

— Я выкладаю вакал. Шмат людзей, асабліва дарослых, яны прыходзяць з такім запытам, каб разняволіцца, адкрыць прыродны голас. Некалькі разоў рабіла такія сустрэчы, групавыя. Збольшага, для дзяўчат, жанчын, дзе мы рабілі розныя практыкаванні, распеўкі, дыхалі правільна, і напрыканцы, вучылі нейкую народныя песні. Мяркую, буду працягваць ладзіць такія сустрэчы. То вельмі карысна было для жанчын, для дзяўчат, усе дзякавалі, усе прыгожа спявалі. Мы нават рабілі гэта на некалькі галасоў, праз гадзіну ўсе ўжо пачыналі спяваць. Я думаю, што народныя спевы генетычна ўнутры нас жывуць, перадаюцца з пакалення ў пакаленне, таму генетычная, вакальная памяць застаецца. Таму на беларускіх песнях, кожных народных песнях, вельмі добра можна раскрываць свой прыродны голас і кайфаваць ад гэтага.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Акварэлія Новік дадала, што асноўныя паездкі будуць планавацца пачынаючы з восені, паколькі жнівень выдаўся больш перыядам адпачынку.

Беларускае Радыё Рацыя