Вайна ва Украіне: расейцы ўдарылі па цэнтры Чарнігава (абноўлена)
Колькасць пацярпелых ад расейскага ракетнага ўдару па цэнтры Чарнігава вырасла да 117 чалавек. Пра гэта паведаміў выконваючы абавязкі гарадскога кіраўніка Аляксандр Ламака. Колькасць загінуўшых застаецца ранейшай – 7 чалавек, уключаючы дзіця. Найбольшая колькасць ахвяр у месцы, дзе спыняецца мясцовы аўтобус для высадкі пасажыраў.
***
542-і дзень вайны. Расейскія акупанты нанеслі ракетны ўдар па цэнтры ўкраінскага Чарнігава. У выніку пашкоджаны будынак драматычнага тэатра – абрынуўся дах драмтэатра, пасля чаго там пачаўся пажар.
Колькасць загінулых на дадзены момант – мінімум сямёра чалавек. Усяго па меддапамогу звярнуліся 90 параненых, з іх 10 паліцэйскіх і 12 дзяцей. Шпіталізаваны 25. Пацярпелую 12-гадовую дзяўчынку дастаўляюць рэанімабілем у Кіеў, дзіця ў цяжкім стане.
«Звычайная субота, якую Расея ператварыла ў дзень болю і стратаў», — напісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго, цяпер на месцы трагедыі працуюць ратавальнікі, праваахоўнікі і медыкі. Раней паведамлялася, што 19 жніўня ў Чарнігаве пройдзе сустрэча-прэзентацыя ўкраінскіх вытворцаў беспілотнікаў, але месца правядзення не ўдакладнялася.
Тым часам, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пабываў у штабе групоўкі войскаў у Растове-на-Доне. Пра гэта паведамілі Мінабароны Расеі, Крэмль і расейскія дзяржаўныя інфармагенцтвы. На відэа РІА «Новости» Пуціна сустракае начальнік Генштаба Валеры Герасімаў, выдачы якога падчас мяцяжу патрабаваў стваральнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын. Нагадаем, што 23-24 чэрвеня ваенныя аб’екты ў Растове-на-Доне, уключаючы штаб Паўднёвай ваеннай акругі, былі захопленыя вагнераўцамі. Пасля гэтага Герасімаў доўга не паказваўся на публіцы. Апошні раз Пуцін праводзіў падобную нараду ў Растове-на-Доне ў сакавіку. Тады ж ён наведаў захоплены расейскімі войскамі Марыўпаль.
Беларускае Радыё Рацыя