«Нафтан» разграміў «Энергетык-БДУ» ў першым матчы 18-га тура чэмпіянату Беларусі
Футбалісты наваполацкага «Нафтана» разграмілі сталічны «Энергетык-БДУ» ў першым матчы 18-га тура чэмпіянату Беларусі. Гуляючы ў Віцебску, навапалачане забілі па два мячы ў кожным тайме: галявы дубль аформіў Андрэй Панюкоў, яшчэ па мячу забілі Кірыл Кірыленка і Ігнат Прановіч 4:0. Футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа», якія ідуць трэцімі, сёння згуляюць на хатняй арэне з бабруйскай «Белшынай», а ў Маладзечне «Іслач» з Менскага раёна прыме «Смаргонь».
Лучана Спалеці стаў новым галоўным трэнерам зборнай Італіі
Вядомы спецыяліст прызначаны на пасаду галоўнага трэнера зборнай Італіі. Выкананне сваіх абавязкаў ён пачне з 1 верасня. Пра гэта паведамляе прэс – служба нацыянальнай каманды. На пасадзе галоўнага трэнера зборнай Італіі Спалеці змяніў Раберта Манчыні, пад кіраўніцтвам якога каманда выйграла Еўра-2020, але не здолела адабрацца на ЧС-2022. 64-гадовы спецыяліст у мінулым сезоне ўзначальваў «Напалі» і прывёў каманду да чэмпіёнства.
«Мяшкоў-Брэст» нанёс паражэнне ЦСКА і выйшаў у фінал Кубка Белгазпрабанка-2023
У рамках Кубка Белгазпрамбанка-2023 «Мяшкоў-Брэст» перайграў ЦСКА з лікам 35:30. Такім чынам, сёння ў фінале турніру берасцейцы аспрэчаць трафей у паядынку з піцерскім «Зенітам».
Беларуска Ксенія Цярэня выйграла бронзу маладзёжнага чэмпіянату свету па барацьбе
У сталіцы Іарданіі Амане працягваецца маладзёжны чэмпіянат свету па барацьбе, удзел у якім прымаюць беларускія спартоўцы. Медальную скарбонку беларускай каманды на турніры папоўніла Ксенія Цярэня, якая выступае ў вагавай катэгорыі да 65 кг. Яна прабілася ў сутычку за бронзу, дзе яе суперніцай стала прадстаўніца Туніса Хадыджа Джласі. У першым перыядзе Ксенія забяспечыла сабе перавагу з лікам 6:0, у другой палове заставалася толькі не дапусціць памылак, што беларуска і зрабіла. Вынік паядынку – 10:4.
Яна Каладынская прабілася ў паўфінал на турніры ІТФ у Перу
На спаборніцтве з прызавым фондам 40 000 даляраў беларуская тэнісістка ў 1/4 фіналу ўзяла верх над аргенцінкай Джульетай Эстабле – 7:5, 6:3
Беларускае Радыё Рацыя
