З 1-га верасня ў Беларусі на 5% будуць павялічаныя працоўныя пенсіі



З першага верасня ў Беларусі на 5% будуць павялічаныя працоўныя пенсіі, у залежнасці ад сённяшніх выплат у кожным канкрэтным выпадку дадасца ад 20 да 40 рублёў. Паводле папярэдніх падлікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, сярэдні памер пенсіі па краіне ў верасні складзе 737 рублёў.

З нагоды наш карэспандэнт пацікавіўся, ці хапае пенсіянерам дзяржаўных выплат, каб задаволіць свае жыццёвыя патрэбы на месяц:

– Вы самі бачыце, якія цэны. Жывем ад пенсіі да пенсіі.

– Хапае ў абрэз, але хапае.

– Калі два пенсіянера жывуць, тады можна казаць, што хапае. Калі пенсіянер адзін жыве, калі лекі купіш, то тады ўжо трэба глядзець.

– Усё залежыць ад таго, што набываеш і колькі табе плацяць. Пакуль хапае.

– Глядзім у крамах, дзесьці штосьці патанней, толькі так.

Афіцыйна паведамляецца, што ў сувязі з павышэннем на выплату пенсій у верасні будзе дадаткова накіравана з бюджэту 72 мільёна беларускіх рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя