Сяржук Доўгушаў: Песні – гэта наш гістарычны код
У розных гарадах Польшчы прэзентавалі зборнік „Бяседныя песні”.
Пра выданне, фальклор і гістарычныя каштоўнасці народу наша карэспандэнтка паразмаўляла з „Госцем Рацыі”, этнографам і музыкам Сяржуком Доўгушавым.
– Бяседныя песні – гэта песні, якая займаюць вельмі важную ролю ў спеўнай спадчыне беларусаў. Гэта тыя песні, якія спявалі на ўрачыстасцях – гэта народзіны, гэта вяселлі, гэта хрэсьбіны, гэта проста застоллі ці бяседы, калі збіраліся. Нават проста дзяўчаты сустрэліся, што яны рабілі, нешта вышывалі ці гаманілі, спявалі нейкія песні. Хлопцы, калі збіраліся паразмаўляць, таксама спявалі. У нас не казалі, што гэта застолле, у нас казалі бяседа. Не толькі за сталамі спявалі, часам гэтыя бяседныя песні называюць кірмашовымі, калі на кірмашах. То бок агулам гэта песні для ўрачыстасці. Прыйшоў час быць беларусамі, святкаваць, ведаць сваю спеўную спадчыну, свае песні і яднацца, штосьці рабіць разам.
РР: Ці сустракаўся ты з меркаваннем, што навошта фальклор, жывём сучаснасцю і г.д?
– Не, я з такімі людзьмі не камунікую. Мы калі былі ў вёсках, то часам задавалі пытанне: „Чаму моладзі цікавыя старыя песні? Гэта нам цікава, а вам жа іншая музыка”. То бок яны так нас таксама нейкім чынам „прабівалі” хто мы, што мы. Вельмі здзіўляліся, калі бачылі глыбокую зацікаўленасць. Потым ужо я ладзіў спеўныя сходы, куды запрашаў калектывы, на якіх было 150, 200, 300 чалавек. Таксама канцэрты Vuraj у клубе „Бруге”. Напачатку спяваў гурт з Дзятлавічаў і тады проста публіка стаяла ашарашаная і слухала гэтую аўтэнтыку. Потым такая ж ашарашаная гэтая каманда спявачак і спевакоў, якія казалі „Мы ў шоку, што моладзь цікавіцца нашымі песнямі і слухала ўсе нашыя песні”. Часам убівалася ў галовы пры саветах, што трэба саромецца „калгаснай мовы”, „калгасных песень”, гэтых перажыткаў. Дзесьці нават падсвядома ў некаторых людзей ёсць, што наша такое не вельмі. Калі перарабіць гэта, як гэта зрабілі ў свой час палякі, літоўцы, латышы, што гэта наш код са ідэнтыфікацыі, што гэта наша моц, што гэта наш гістарычны код, што ў гэтым і ёсць увесь смак нацыі, што гэта гонар, што такіх песень ні ў каго няма, людзі па-іншаму б ставіліся.
З этнографам і музыкам Сяржуком Доўгушавым гутарыла Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя