„Я – Чарнігаў”



Калі расейскія ракеты ляцяць на горад, у якім ведаеш кожную лавачку і, напэўна, траціну жыхароў, калі ў тваім музычным каледжы ўдарнай хваляй выбіта некалькі дзясяткаў вокнаў, калі маленькая дачка намесніка дырэктара драматычнага тэатра займаецца на тваім першым у жыцці вялізным чорным піяніна «Беларусь», то хочаш абняць гэты горад і сказаць: «Я – Чарнігаў».

У красавіку мінулага года ўкраінскае войска вызваліла вобласць ад рашыстаў, і чарнігаўцы патроху пачалі аднаўляць горад. І хоць паветраныя трывогі гучаць штодзень, прамых атак, у адрозненне ад прыгранічных раёнаў вобласці, не было. Людзі вярнуліся да жыцця. Сірэна ўжо не перашкаджала хадзіць на пляж і сядзець у кавярні. І толькі ў навучальных установах і гандлёвых цэнтрах у гэтыя моманты ўсё арганізавана спускаліся ў бамбасховішча. Здавалася, вораг пакінуў Чарнігаў у спакоі і скіраваў усе сілы на ўсход і поўдзень краіны. Але ў суботу ўспомніў і нанёс удар па драмтэатры, дзе праходзіла закрытае мерапрыемства – выстава вытворцаў дронаў.

Удзельнікі праходзілі спецыяльную праверку, пра месца правядзення стала вядома толькі за дзве гадзіны. Законная ваенная цэль для ворага? У цэнтры горада, ва ўстанове культуры, у выходны дзень, у вялікае праваслаўнае свята? Хто карэкціроўшчык? Мільён пытанняў. З ворага спытае Гаага. Хто і калі спытае з абласной вайсковай адміністрацыі, якая дала дазвол на правядзенне падобнага мерапрыемства? У горадзе, разбураным за два месяцы вайны больш, чым напалову?

У горадзе, дзе жыхары ўсімі сіламі імкнуліся забыцца аб жаху тых двух месяцаў. А дзяржава-тэрарыст лепш інвеставала б трыльёны ў якасныя касмічныя апараты, а не ў масавае забойства мірных жыхароў у шматлюдным цэнтры горада. На чужой зямлі.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя