«Беларусьфільм» – прапаганда замест мастацтва?



Якія тэндэнцыі пашыраюцца на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», куды прыйшло новае кіраўніцтва? Уладзіміра Карачэўскага на пасадзе дырэктара змяніў Юрый Аляксей, экс-кіраўнік Гарадзенскага абласнога кінавідэапракату і ідэолаг са стажам. Ён ужо расказаў, што кінастудыя далей плануе здымаць «патрыятычныя мультфільмы» ды серыялы для дзяржаўных тэлеканалаў.

Агульную атмасферу кінавытворчасці ў Беларусі акрэсліў у нашым эфіры кінакрытык Тарас Тарналіцкі:

-Усё змянілася. 20-ты год усё змяніў. Змяніў не толькі ўнутраную палітыку і знешнюю палітыку краіны, ён змяніў і палітыку на студыі. Яна ператварылася ў адкрытую прапаганду. Пачалі здымаць дакументальныя стужкі пра ІІ Сусветную вайну ў кантэксце генацыду.  

Сведчанне гэтай тэндэнцыі – новы «ідэалагічна правільны» фільм «На другім беразе», які распавядае пра «цяжкія для беларусаў часы польскай акупацыі», у кінатэатрах яго пакажуць ужо ў верасні, да так званага Дня народнага адзінства. І здавалася, тут кінастудыя вяртаецца ў далёкае савецкае мінулае, але гэта не зусім так, заўважае Тарас Тарналіцкі. Гэта нават нешта новае:

-Гэта не зусім так, паколькі нават у Савецкім Саюзе “Беларусьфільм” не здымаў такіх вось фільмаў. Прапаноўвае здымаць новае гендырэктар кінастудыі Юрый Аляксей. І ён прапаноўвае здымаць адкрытую прапаганду. Не было фільмаў пра савецкі сцяг. Былі, канешне, агітацыйныя мультфільмы, але такой якасці я яшчэ не бычыў – гэта нешта новае.

Да таго ж пашыраецца цэнзура. Тарас Тарналіцкі прыгадвае, што ў пракат так і не выйшлі ўжо зробленыя стужкі «Купала» і «Авантуры Пранціша Вырвіча», паколькі там закраналіся пытанні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. А паводле ідэолагаў на такія тэмы пасля 2020 года лепш не разважаць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя