Амбасада ЗША ў Менску заклікала сваіх грамадзян неадкладна пакінуць Беларусь



Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Менску 21 жніўня звярнулася да сваіх грамадзян з просьбай неадкладна пакінуць Беларусь і не ўяжджаць у краіну.

Дыппрадстаўніцтва нагадвае, што ўрад Літвы 18 жніўня закрыў два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, а «урады Польшчы, Літвы і Латвіі заявілі, што магчымае далейшае закрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю», піша BPN. Амбасада заклікае сваіх грамадзян «не наведваць Беларусь у сувязі з тым, што ўлады краіны працягваюць садзейнічаць нападу Расеі на Украіну, нарошчванню расейскіх узброеных сіл у Беларусі, адвольнаму ўжыванню мясцовых законаў, рызыцы затрымання і абмежаванай здольнасці амбасады аказаць дапамогу грамадзянам ЗША, якія пражываюць у Беларусі або накіроўваюцца ў яе».

Грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца ў Беларусі, «трэба неадкладна пакінуць краіну», разгледзеўшы магчымасць выезду праз астатнія пункты перасячэння мяжы з Літвой і Латвіяй.

Беларускае Радыё Рацыя