Затрыманні ў Жлобіне



21 жніўня стала вядома пра чарговую аблаву на ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года ў Жлобіне. Амапаўцы затрымалі чатырох чалавек. На відэа сілавікоў затрыманыя кажуць, што ўдзельнічалі ў пратэстах і былі падпісаныя на „экстрэмісцкія” СМІ.

„Наша Ніва” даведалася падрабязнасці. Падчас аблавы затрымалі пару — 28-гадовага Аляксея Аўдзеева і 26-гадовую Кацярыну Заічкову. У іх дома ў вёсцы Пірэвічы, а таксама ў іх бацькоў адбыліся ператрусы.  Супраць Заічковай распачалі адміністрацыйную справу, супраць Аўдзеева — крымінальную. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Жлобіне.

Яшчэ адзін затрыманы — 37-гадовы Аляксандр Савіцкі. За ўдзел у пратэстах схапілі і 21-гадовага Максіма Калінічэнку, працаўніка пуцявой машыннай станцыі №117 „Жлобін-Паўночны”.