Агляд прэсы: выразны сігнал



Швецыя павысіла ўзровень тэрарыстычнай небяспекі. Тэнэрыфэ — найбуйнейшы востраў Канарскага архіпелага палыхае ў вагні. У Чорным моры назіраецца масавая гібель дэльфінаў. Улады Эстоніі плануюць пазбавіць грамадзян Расеі права галасаваць на муніцыпальных выбарах. Падрабязнасці навін замежнай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.

Пасля некалькіх выпадкаў спалення Карана ў Стакгольме па краінах мусульманскага свету пракацілася хваля гнеўных пратэстаў. Тэрарыстычная арганізацыя Аль-Каіда заклікала да здзяйснення нападаў на Швецыю. Па гэтай прычыне краіна павысіла ўзровень тэрарыстычнай небяспекі да другой катэгорыі. Шведская газета Svenska Dagbladet спадзяецца на кампетэнтнасць органаў бяспекі.

«Праблема ў тым, што ўжо адно толькі слова «тэрор» выклікае ў чалавека вызначанага роду рэакцыю. Няважна, наколькі малаверагодна, што нешта можа адбыцца, усё роўна, наколькі для нас важныя дэмакратычныя прынцыпы або заклікі да разважнасці, — усё роўна гэта нас б’е па самаму бальному. І імя гэтаму — страх. Страх наконт таго, што можа здарыцца і як далёка большасць з нас гатова зайсці, каб абараніць сваіх блізкіх. Як гаворыць прэм’ер, наступілі небяспечныя часы. Магчыма, найбольш абнадзейлівай з’яўляецца думка аб тым, што паліцыя бяспекі мае намер паслаць выразны сігнал уладам, арганізацыям, кампаніям і прадпрыемствам: у святле ўзрастаючага ўзроўню пагрозы трэба прымаць меры.»

Моцныя лясныя пажары на курортнай выспе Тэнэрыфэ пачаліся з прычыны падпалу, заявіў кіраўнік адміністрацыі Канарскіх выспаў Фернанда Клавіха. Паводле яго слоў, зараз паліцыя Іспаніі лічыць версію падпалу даказанай, піша Deutsche Welle.

«Паводле звестак улад, з-за лясных пажараў былі эвакуіраваны каля 12 тысяч чалавек. Днём раней называлася большая колькасць – 26 тысяч, але пазней гэтыя лічбы былі скарэкціраваны ў бок памяншэння. Як заявіў Фернанда Клавіха, гэта адзін з наймацнейшых пажараў на Тэнэрыфэ за апошнія 40 гадоў.

Масавая гібель дэльфінаў назіраецца ў Чорным моры. Украінскія навукоўцы лічаць, што ў гэтым вінаватыя ваенныя дзеянні з боку Расіі распавядае нарвежская Verdens Gang.

«Украінскія афіцыйныя асобы кажуць, што гібель дэльфінаў з’яўляецца доказам вялізных страт, якія расійская вайна наносіць мору і навакольнаму асяроддзю. Было выкрыта 900 мёртвых дэльфінаў, каб задакументаваць урон. Мэта складаецца ў тым, каб дадаць экацыд у спіс ваенных злачынстваў, учыненых Расіяй

Усе тыя, хто ўвесь час пражываюць у Эстоніі, маюць права голасу на муніцыпальных выбарах. Такім чынам, да галасавання таксама дапускаюцца грамадзяне Расіі і асобы без грамадзянства. Мінюст краіны рыхтуе папраўку да закона, якая зменіць гэтае становішча ў сувязі з агрэсіўнай вайной Расеі — і ў выніку пазбавіць расейскіх грамадзян права галасаваць у Эстоніі.

«Няўжо мы зараз будзем лічыць усіх трымальнікаў пашпарта дзяржавы-агрэсара адказнымі за дзеянні злачыннага рэжыму? Ці зможа гэта садзейнічаць працэсу натуралізацыі і інтэграцыі ў Эстоніі, калі на ўсіх тых, на чыіх пашпартах выціснуты герб дзяржавы-агрэсара, будзе ўскладзена калектыўная адказнасць? Ці не падзейнічае абмежаванне палітычных правоў дзясяткаў тысяч пастаянных жыхароў краіны зваротнага эфекту?», — адзначае эстонская газета Eesti Päevaleht.

Беларускае Радыё Рацыя