Што стаіць за адкліканнем ЗША сваіх грамадзянаў з Беларусі
„Трэба неадкладна пакінуць краіну”, – заклікаюць улады ЗША сваіх грамадзянаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Ключавое слова – „неадкладна”.
Асабіста мяне гэтае „неадкладна” наводзіць на думкі пра штосьці сур’ёзнае, што насоўваецца на Беларусь.
Зірнём больш уважліва на амерыканскі афіцыйны заклік да сваіх грамадзянаў. Бяру вытрымку з карэспандэнцыі „Радыё Рацыя”:
„Амбасада заклікае сваіх грамадзян „не наведваць Беларусь у сувязі з тым, што ўлады краіны працягваюць садзейнічаць нападу Расеі на Украіну, нарошчванню расейскіх узброеных сіл у Беларусі, адвольнаму ўжыванню мясцовых законаў, рызыцы затрымання і абмежаванай здольнасці амбасады аказаць дапамогу грамадзянам ЗША, якія пражываюць у Беларусі або накіроўваюцца ў яе”.
Адной з фармальных прычын, чаму амерыканцам варта пакінуць Беларусь, завецца, што, маўляў, Літва і Латвія могуць закрыць мяжу з Беларуссю цалкам.
Але мне такое тлумачэнне падаецца надуманым. Ніхто амерыканскім грамадзянам не перашкодзіць вылецець з аэрапорту Менск-2, напрыклад, у Турцыю, Грузію, ці Казахстан.
Зразумела, мы не можам ведаць таго, што ведае ЦРУ ці выведкі краінаў ЕЗ.
Але нават з адкрытых крыніц вынікае, што сур’ёзная эскалацыя баявых дзеянняў непазбежная. Захад задэклараваў перадачу Украіне некалькіх дзясяткаў вайсковых самалётаў F-16.
Згодна ўсіх ваенных экспертаў з розных краінаў, якіх я чуў, наступ немагчымы без актыўнага ўдзелу авіяцыі. А сур’ёзны авіяўдар Украіна пакуль ажыццявіць не можа. ЗСУ мае выдатна падрыхтаваных і матываваных байцоў, багата бронетэхнікі, проціпаветранай абароны ды артылерыі, але ўсё гэтая сіла прыдатная найперш для абароны.
І вось мы нарэшце дазналіся, што наступ у класічным вайсковым сэнсе будзе.
Як названая тэма звязаная з амерыканскімі грамадзянамі ўнутры Беларусі?
Лукашэнка наўрад ці выкруціцца, і застанецца адносна чыстым у вайне Крамля супраць усяго жывога.
Якія варыянты магчымыя? Дзеянні супраць краінаў NATO. Больш сур’ёзныя, менш сур’ёзныя. Ды любое, нават невялікае ўварванне на тэрыторыю Польшчы, Літвы ці Латвіі – гэта крызіс, які адсуне ўвагу грамадскасці еўрапейскіх краінаў ад падзеяў ва Украіне.
Навошта адсоўваць увагу? Каб стварыць штосьці яшчэ больш жахлівае, чым падрыў Запарожскай ГЭС, напрыклад.
Падкрэсліваю, гэта толькі версіі, якія можна сканструяваць, ведаючы адкрытую інфармацыю.
А вось факт – „Трэба неадкладна пакінуць краіну”.
ЗША ніколі не жартавалі словам „неадкладна”.
Магчыма, існуе вялікая верагоднасць, што беларускія межы будуць закрытыя знутры, бо будзе абвешчанае частковае ці поўнае вайсковае становішча.
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя