Кітайскі вектар



Напярэдадні візіту ў Менск старшыні КНР палітолаг Андрэй Фёдараў распавядае, чаму сёння Кітай цікавы беларускім уладам, і ці прывабная Беларусь для кітайцаў.

Нагадаем, першы ў гісторыі візіт старшыні КНР Сі Цзыньпіна ў Беларусь адбудзецца з 10 па 12 траўня.

Андрэй Фёдараў: Мяркуючы па выказваннях беларускіх кіраўнікоў, Кітай займае адно з вядучых месцаў у знешняй палітыцы Беларусі. У нейкім сэнсе гэта так, хоць аб’ём гандлю не вельмі ўражвае – недзе 3-4 мільярды даляраў пры адмоўным сальда для Беларусі. Праўда, ёсць кітайскія інвестыцыі, але яны ў сваёй большай частцы звязаныя, бо мы вымушаны купляць кітайскія тавары і тэхналогіі (альбо запрашаць кітайцаў) для рэалізацыі нейкіх сваіх ініцыятыў. У палітычным плане Кітай і Беларусь падтрымліваюць адзін аднаго на міжнароднай арэне, але, калі не памыляюся, акрамя ААН яны нідзе не сутыкаюцца. Так што не думаю, што для Кітая Беларусь вельмі моцна неабходная краіна.

РР: Ці ёсць падабенствы ў палітычных мадэлях Кітая і Беларусі?

Андрэй Фёдараў: Ёсць і падабенствы, і адрозненні. У Кітаі палітычную мадэль кіравання складаней назваць аўтарытарнай, бо там кіраўніцтва краіны не можа аднаасобна прымаць нейкія сур’ёзныя рашэнні. І, да таго ж, яно рэгулярна змяняецца. Але цэнтралізацыя ўлады вельмі вялікая і там, і там. І ў гэтым галоўнае падабенства.

РР: Чым усё ж такі сёння Беларусь прывабная для кітайцаў?

Андрэй Фёдараў: Не думаю, што тут ёсць звышзацікаўленасць, але свой інтарэс у нейкіх праектах Кітай, безумоўна, мае. А вось выхад на Еўропу ў Кітая добры і без Беларусі – і праз Польшчу можа ісці, і праз іншыя заходнія краіны. Так нават прасцей, бо ў Беларусі пакуль застаюцца пэўныя праблемы з Захадам.

РР: Наколькі важны для беларускіх уладаў першы ў гісторыі візіт у краіну кітайскага кіраўніцтва?

Андрэй Фёдараў: Мяркую, што вельмі важны, бо ў сёняшняй эканамічнай сітуацыі афіцыйнаму Менску вельмі патрэбныя грошы. І візіт кітайскай дэлегацыі – добрая магчымасць нешта займець. Рэальна нейкі эфект ад сустрэчы будзе, але не думаю, што ён стане панацэяй для беларускай эканомікі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота south-insight.com