У Віцебску адмовіліся называць вуліцу імем Генадзя Бураўкіна



Адмову атрымалі складальнікі петыцыі, якія звярталіся да гарадскіх улад з просьбай або перайменаваць адну з вуліц абласнога цэнтра, або назваць імем славутага паэта новую вуліцу.

У лісце, падпісаным намеснікам старшыні гарвыканкама Паўлам Манаком, гаворыцца, што больш мэтазгодна ўшанаваць памяць паэта і грамадскага дзеяча ў Менску, Полацку ці Расонах, бо з гэтымі населенымі пунктамі найбольш цесна звязаны яго жыццёвы і творчы шлях, піша „Віцебская вясна”.

Але яшчэ ў 2014 годзе Віцебская суполка ТБМ звярталася да прэм’ера і кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта з прапановай назваць у гонар Бураўкіна вуліцы ў Менску, Полацку, Расонах і прысвоіць імя адной з бібліятэк на радзіме паэта на Віцебшчыне. Гэтыя прапановы не былі падтрыманыя.