У якім стане зараз беларускі грамадскі сектар?
Нягледзячы на складаныя ўмовы як унутры самой Беларусі, так і за яе межамі, беларускі грамадскі сектар не спыніў сваёй працы. Гаворка хучэй ідзе пра ініцыятывы ды аб’яднанні, якія працягваюць існаванне ў няпростых абставінах, але паціху да іх прыстасоўваюцца, – распавяла наша сённяшняя “Госця Рацыі” – трэнерка-кансультантка па развіцці арганізацый грамадзянскай супольнасці, каардынатарка ацэнкі Індэкса ўстойлівасці АГС у Беларусі Марыя Ландо.
РР: У якім стане зараз знаходзіцца беларускі грамадскі сектар, калі мы кажам і пра той, які ў Беларусі, і ўцэлым, які па ўсім свеце раскіданы?
Марыя Ландо: У такім складаным становішчы, як зараз, беларускі грамадскі сектар яшчэ не знаходзіўся ніколі. І гэта тычыцца, па-першае, тых арганізацый, якія знаходзяцца і працягваюць сваю дзейнасць у Беларусі. Напэўна мы ўсе добра разумеем, што гэтыя неспрыяльныя ўмовы для дзейнасці сектара і з-за рэпрэсій, і з-за таго, што пагаршаюцца ўмовы для працы арганізацый на заканадаўчым роўні.
Калі мы кажам пра тыя арганізацыі, якія працуюць па-за межамі, і хоць ужо шмат хто з іх рэлакаваўся там адносна даўно – адзін – два гады таму, змаглі перабудаваць сваю працу і вызначыць новыя мэты і метады дзейнасці, усё роўна ў некаторых краінах пасля таго, як пачалася вайна, умовы для дзейнасці арганізацый сталі больш складанымі. Дзесьці гэта праблемы, звязаныя з рэгістрацыяй арганізацый, альбо з блакаваннем ці адкрыццём банкаўскіх рахункаў, узаемадзеяннем з мясцовымі ўладмі і так далей. Калі казаць пра агульныя ўмовы, тое, што арганізацыі знаходзяцца і працуюць і ўнутры краіны, і раскіданыя па розных краінах, таксама стварае ўмовы для таго, каб у сектары адбываліся так бы мовіць разрывы паміж арганізацыямі.
Марыя Ландо перакананая, што з часам атрымаецца выпрацаваць найбольш удалую форму, як грамадскаму сектару ў эміграцыі наладзіць супрацу з тым грамадскім сектарам, які застаецца ў Беларусі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя