Міхась Скобла: Анатоль Сыс – паэт волі, годнасці, агню і болі…
4 траўня – 10 гадоў, як не стала паэта Анатоля Сыса. Пра Анатоля Сыса ўспамінае паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла.
Міхась Скобла: Анатоль Сыс – паэт волі. Нікім і ніколі не стрыножанай волі. Паэзія яго была свабоднай, і сам ён ніякіх вярыгаў на сабе не цярпеў. “Ні грошай, ні славы, я волі хачу” – як напісаў, так і жыў. Такое рэдка здараецца, каб творца вызначыў для сябе правіла і да апошніх дзён яго трымаўся. Анатоль трымаўся. Большага бессярэбраніка, чым ён, я не ведаў. Жыў у аднапакаёўцы, жывіўся чым Бог паслаў. Раздаваў сябрам і знаёмым кнігі, рэчы, падараваныя карціны. З адным толькі партрэтам Максіма Багдановіча не разлучаўся.
Анатоль Сыс – паэт агню. Язычніцкага жывога агню. Нездарма свой першы зборнік ён назваў “Агменем”, і паэма ў яго ёсць – “Агонь-птушка”. Ды і ўся Анатолева паэзія выплаўлялася на душэўным агні, здабытым дарагой цаной. Не толькі цаной бяссоння, спаленых нерваў, здароўя, але і жыцця. Гэта яшчэ спосаб Праметэя, які, на жаль, не мае альтэрнатывы. Сыс па прыродзе сваёй не мог тлець. “Я яшчэ не попел і не прысак” – так пачынаўся адзін з апошніх яго вершаў.
Анатоль Сыс – паэт болю. Беларускага болю. Па балючасці яго паэзія ў пакаленні “Тутэйшых” (80-я гады) не мае сабе роўных. Кроў, крыж, сляза, атрута, вярыгі – самыя частаўжывальныя словы паэта. Беларусь балела яму невыносна. Неяк пры мне Анатоль праз аднаго чыноўніка перадаў сваю кнігу Аляксандру Лукашэнку з гэткім надпісам: “Алесь, любі Беларусь, любі сваю маці. Яна ў цябе старэнькая, як і ў мяне. Дык беражы яе!” Наўрад ці тая кніга дайшла да адрасата… У адным з Анатолевых аўтографаў слова “Беларусь” напісанае як “Бедарусь”. Думаю, гэта невыпадковая апіска.
Анатоль Сыс – паэт годнасці. Незаплямленай паэтычнай годнасці. Нездарма ж кажуць: паэт – Божая жалейка. А калі так, то ў яе не мае права дзьмуць нячысцік. Права не мае, але карціць яму часам падкрасціся і выдзьмуць з тае жалейкі яе спеўную мілагучную душу. Толькі Божая жалейка мусіць і гучаць па-боску, суладна і гарманічна. Анатоль у апошнія гады жыцця маўчаў, але не дазволіў запляміць гербоўнік сваёй паэтычнай годнасці. Не даў нячысціку зрабіць у жалейцы дадатковую адтуліну – для фальшывай ноты. Як чалавек ён быў розным, не трэба рабіць з яго святога, але фальшу ў ім не было ні грама.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота wikimedia.org