Агляд прэсы: усёабдымны крызіс



Эскалацыя канфлікту ў Нагорным Карабаху. Узмацненне крызісу Кітайскіх будаўнічых кампаній і холдынгаў — наколькі моцна сітуацыя адаб’ецца на сусветнай эканоміцы? Супярэчнасці ўнутры БРІКС і скандал іспанскага жаночага футболу. Падрабязнасці навін замежнай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.

Фота: Anadolu Agency via Getty Image

У Нагорным Карабаху, населеным пераважна армянамі, але які знаходзіцца ў міжнародна прызнаных межах Азербайджана, разгортваецца гуманітарная катастрофа. Цягам некалькіх месяцаў Азербайджан блакуе доступ у рэгіён, які армянскае насельніцтва лічыць незалежнай Рэспублікай Арцах. Арменія патрабуе склікаць экстранае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН.

Спыніць перадачу рэгіёна Азербайджану, хутчэй за ўсё, ужо немагчыма, — піша Венгерская рэдакцыя радыёстанцыі Свабодная Еўропа: «У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы па пошуку канчатковага вырашэння канфлікту. Чым далей рухаецца гэты працэс, тым больш непазбежным уяўляецца вяртанне Нагорнага Карабаха ў склад Азербайджана. Гэтую пазіцыю маўкліва падтрымліваюць розныя пасярэднікі ў рамках мірных перамоваў — у тым ліку ЗША, Еўразвяз і Расея».

Кітайскі інвестыцыйны холдынг і аператар нерухомасці Evergrande, які загруз у даўгах, не ў стане выконваць свае абавязацельствы ў ЗША і, паводле паведамленняў СМІ, падаў у суд Манхэтэна заяву аб банкруцтве і абароне ад крэдытораў. У самым Кітаі крызіс ліквіднасці выліўся і ў другой буйнoй будаўнічай кампаніі краіны — Country Garden.

Аналітыкі не губляюць надзеі на тое, што Кітай чарговы раз зможа лакалізаваць крызіс, — дзеліцца назіраннямі венгерскі партал Portfolio: «Міжнародныя органы пільна сочаць за хаосам на кітайскім рынку нерухомасці, асцярагаючыся, што той перакінецца на рынкі іншых краін. … Цяпер пытанне палягае ў тым, ці зможа кітайская дзяржава змякчыць крызіс на рынку нерухомасці, пасля таго як цягам апошніх двух гадоў яно стрымлівала крызіс Evergrande. Пакуль што аналітыкі лічаць, што Пекін зможа даць рады і гэтаму больш маштабнаму і ўсёабдымнаму крызісу. Тым не менш, чаканні экспертаў у дачыненні да росту ВУП знізіліся.»

У Ёханэсбургу праходзіць сустрэча БРІКС, якая працягнецца да чацвярга. Па словах міністра замежных спраў ЮАР Наледзі Пандор, мэта саміту — пошук альтэрнатыўных рашэнняў глабальнага светаўладкавання. Нароўні з непасрэднымі ўдзельніцамі БРІКС — Бразіліяй, Расіяй, Індыяй, Кітаем і ЮАР — у саміце хочуць прыняць удзел і больш як 30 краін Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі. Некаторыя з іх нават выказваюць жаданне ўступіць у шэрагі арганізацыі. Як зазначае еўрапейская прэса, эйфарыя азмрочана існымі супярэчнасцямі ўнутры супольнасці.

«Эканамічная моц не абавязкова вядзе да моцы палітычнай – для гэтага краіны БРІКС занадта разяднаныя. Уражлівымі паказчыкамі эканамічнага росту гэтая супольнасць абавязана выключна Кітаю і Індыі. У параўнанні з дысбалансам унутры БРІКС адрозненні унтры Еўразвяза — дробязь. Спяваць Захаду памінальную няма ніякіх падстаў. Але ставіцца да краін БРІКС трэба сур’ёзна», — выказваецца берлінская Die Welt.

Перамога іспанскай зборнай на чэмпіянаце свету па футболе сярод жанчын азмрочылася скандалам падчас цырымоніі ўзнагароджання: Луіс Рубіялес, прэзідэнт нацыянальнай футбольнай асацыяцыі Іспаніі, без дазволу пацалаваў у вусны футбалістку Джэні Эрмаса.

«Ён не ўсведамляе ні значнасці дасягнення чэмпіёнак, ні адказнасці, звязанай з пасадай, якую ён займае. Замест гэтага Рубіялес прадэманстраваў нікчэмную пазіцыю, якая толькі дыскрэдытуе яго самога і шкодзіць іміджу таго, што ён уяўляе, а менавіта — іспанскага футбола ў цэлым», — адзначае газета El Mundo.

Беларускае Радыё Рацыя