Еўрапейскія краіны назіраюць за беларускай мяжой
Еўрапейскія краіны назіраюць за беларускай мяжой. Гучаць розныя заявы. У Польшчы гатовыя мяжу з Беларуссю цалкам закрыць у выпадку агрэсіі з боку ПВК „Вагнер”.
„Бяспека важнейшая за ўсё, важнейшая за эканамічныя інтарэсы”, прагучала меркаванне намесніка міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Мацея Вонсіка.
У той час, як Літва заяўляе, што „прамой ваеннай пагрозы з боку Беларусі няма”. Мясцовыя СМІ цытуюць заяву камандуючага Узброенымі сіламі Літвы Вальдэмараса Рупшыса.
Беларускі палітык Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы акрэсліў галоўныя перасцярогі дэмсупольнасці:
– Вельмі важна ўсё ж такі данесці да тых, хто прымае рашэнні ў еўрапейскіх сталіцах, што закрытая, заблакаваная Беларусь – гэта адна са стратэгічных мэтаў Пуціна і яго беларускага хаўрусніка. Калі можна гэтага пазбегнуць, то трэба гэта зрабіць. Заслона на мяжы аддае амаль дзевяць мільёнаў ці дзевяць мільёнаў беларусаў на водкуп Пуціну і Лукашэнку. Натуральна, што з гэтай закрытай прасторай ім лягчэй справіцца.
Такі сігнал ідзе да еўрапейскіх палітыкаў ад беларускіх. Прагадаем, 28 жніўня ў Варшаве збіраюцца прадстаўнікі краін Балтыі і Польшча, каб абмеркаваць пытанні бяспекі на мяжы з Беларуссю, у тым ліку разглядаецца пытанне яе поўнага закрыцця.
Беларускае Радыё Рацыя