Роза Турарбекава: Уваскрашэнне, напэўна, не прадбачыцца
Не выпадковасць, а пакаранне за мяцеж, так каментуюць смерць кіраўніка ПВК „Вагнер” Яўгенія Прыгожына. Расавіяцыя, афіцыйная дзяржаўная структура напярэдадні ўвечары апублікавала імёны пасажыраў „Эмбраера” і пацвердзіла гібель Прыгожына. Разам з экіпажам на борце знаходзілася 10 чалавек, сярод іх Яўгеній Прыгожын і Дзмітрый Уткін — правая рука камандзіра ПВК „Вагнер”. Раней у самой арганізацыі паведамлялі пра смерць кіраўніка.
Каментуе падзеі ў Расеі беларуская палітолаг і гісторык Роза Турарбекава:
– Калі ўжо афіцыйна пацвердзілі, што ён памёр, нават калі ён не памёр, то цяпер ён абавязаны памерці. Такая логіка расейскай улады, што ж тут з гэтым зробіш. Уваскрашэнне, напэўна, не прадбачыцца, бо зноў будуць смяяцца над Пуціным. Гэта павінна ўмацаваць вобраз Пуціна, які пахіснуўся, узнавіць размовы пра тое, што Пуцін моцны чалавек, што ён не выбачае, ён помсціць, дастане дзе заўгодна і ніхто не можа быць па-за дасяжнасцю яго ўлады. Яшчэ раз, гэта была чаканая падзея.
Сваімі думкамі падзяліўся і Вадзім Мажэйка:
— Пакуль мала дэталяў, мы не ведаем унутранай структуры „Вагнера“, ці ёсць у іх здольныя намеснікі, ці ўвогуле працавалі падзельнай сеткай у розных краінах. Складана даваць дэталёвы прагноз, але для такіх фармаванняў, у каторых ёсць адзін стваральнік, і адзін глабальны камандзір, чыёй мянушкай названая ўся структура, то бок Вагнер, то бок Уткін. Звычайна, яны наўрад ці перажываюць сваіх стваральнікаў, але калі кіраўнікі памруць, можна чакаць дэфрагментацыі, мажліва, на некалькі маленькіх бандаў, хтосьці пойдзе на службу да Крамля, хтосьці дзесьці ў Афрыцы, хтосьці, мажліва, да Лукашэнкі. У кожным разе, пачнуцца нейкія змены, таму наўрад ці ўдасца захаваць цэлую структуру. Не надта кладзецца сустрэча Пуціна і Прыгожага пасля мецяжу. У такім кантэксце можна ўявіць, што гэта складаная гульня, і Крэмль проста чакаў, каб усіх сабраць разам і разам забіць. Але разам з тым уявіць сабе, што на асабістай сустрэчы, Прыгожын і Пуцін дамовіліся, што Прыгожына нібыта знішчаць, бо Пуціну трэба паказаць моц. Тэарэтычна таксама можна такое ўяўляць. Ведаючы, што нехта памёр, варта ведаць, ці ёсць цела, ці ёсць незалежная экспертыза, каб пацвердзіць, што гэта ягонае цела. Мякка кажучы, калі Крэмль скажа, што Прыгожын памёр ці не, нічога не значыць. Самае лагічнае, што ўсіх разам сабралі і Крэмль іх забіў. Але з Прыгожыным усё можа быць, і ўсякія, нават самыя дзіўныя версіі, мажлівыя.
Поўнасцю слухайце размову ў далучаным файле:
Учора вечарам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Расеі паведаміла, што ў Цвярской вобласці разбіўся бізнэсджэт, які належаў Яўгенію Пргожыну. Гэта здарылася прыкладна за 50 кіламетраў ад валдайскай рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна, якую ахоўваюць комплексы супрацьпаветранай абароны.
Беларускае Радыё Рацыя