Вольга Пашковіч пра выраб традыцыйных беларускіх лялек



„Госця Рацыі” – глыбачанка Вольга Пашковіч, лялечніца, якая зараз жыве  ў Варшаве. Яна распавяла нашай карэспандэнтцы Таццяне Смоткінай пра сваё захапленне этнічнымі лялькамі, як вывучала іх, пра майстар-класы і ўдзел у фестывалях.

Вольга нядаўна прыязджала ў Вільню на моладзевы кірмаш „Рада”, дзе таксама ладзіла майстар-клас і знаёміла прысутных са сваімі вырабамі:

– Я прывезла этнічныя лялькі, славянскія, у тым ліку ёсць беларускія лялькі і ўкраінскія. У мяне тут каля дзесяці найменняў. Увогуле я знайшла матэрыял па 88 ляльках, але іх яшчэ не зрабіла ўсе.

РР: Колькі ўжо зроблена?

– Зроблена дзесьці 17 лялек, астатнія трэба зрабіць. Матэрыял ёсць, як рабіць ёсць, а саміх лялек яшчэ няма, не хапае часу.

РР: Як яны называюцца, што датычна беларускіх лялек?

– Беларускія лялькі, напрыклад, „Дабрабытніца”. Гэта такая лялька, якая засцерагае дом. У яе ў торбачцы манетка, каб заўсёды вадзіліся грошы, каб ежа заўсёды была. Лялька „падарожніца”, якая засцерагае чалавека ў дарозе. Лялька „Дамавушка”. У Беларусі дом засцерагае не „Дамавы”, а „Дамавушка”. У Беларусі гэта роля часцей належыць жанчыне. Лялька „Багач” беларуская і польская. Я знайшла такую ляльку на Беласточчыне, яны па такім жа прынцыпе робяць ляльку і назву маюць такую ж, але гэта памежжа Беларусі і Польшчы. Пара „Багач” і „Зернавушка”. „Багач” адказвае за багацце ў доме, а „Зернавушка” за тое, каб гэта багацце добра размяркоўвалася ў доме. Трэба не толькі зарабіць грошы, але і ведаць, як і куды іх размеркаваць. Гэта дзве лялькі, мужчына і жанчына, яны заўсёды ў пары.

РР: З чаго робяцца гэтыя лялькі?

– Ёсць лялькі, якія напаўняюцца зёлкамі. „Травянушка” такая лялька ёсць. У залежнасці ад таго, якія ўнутры зёлкі, то ў яе і адпаведныя ўласцівасці. Гэтыя лялькі робяцца не круглы год, а ў пэўны час, калі цвеце ліпа і зверабой. Я з сабой не прывезла такіх лялек, бо не назбірала ў гэтым годзе зёлак.

РР: Яны выкарыстоўваюцца для ўпрыгожвання? Ці аберагалі людзей?

Іх кладуць каля хворага чалавека ці даюць у рукі. Калі яе паварушыць, то ідзе пах, таму такіх лялек рабілі шмат. Тыя зёлкі, якія ўнутры, іх можна было даставаць, як і ў „Крупянічкі”, там зерне. Зерне можна было даставаць, зерне мянялася ў новы ўраджай. Тое самае з „Травянушкамі”.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Глыбачанка Вольга Пашковіч была вымушаная з’ехаць з роднага горада ў Польшчу пасля вядомых падзеяў – паслявыбарчых пратэстаў, бо брала актыўны ўдзел у іх і зведала пераслед. Дома яна займалася турызмам, а ўжо ў Варшаве ёй давялося ўзгадаць яе былое захапленне этнічнымі лялькамі.

Беларускае Радыё Рацыя