Наталля Качмарэк – сярэбраная прызёрка чэмпіянату свету
Прадстаўніца Падляшша Наталля Качмарэк на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы, што праходзіць у сталіцы Венгрыі Будапешце, стала сярэбранай прызёркай па бегу на дыстанцыі 400 метраў.
Яна паказала трэці час у сваёй кар’еры – 49,57 сек. Гэтага хапіла каб фінішаваць другой у фінальным забегу. Пераможцай стала Паўліно з Дамініканы – 48,76 сек.
Срэбра Наталлі Качмарэк – гэта першы польскі медаль у бегу на 400 метраў жанчын за 40-гадовую гісторыю чэмпіянатаў свету па лёгкай атлетыцы.
Да гэтага сярэбраны медаль у Будапешце здабыў яшчэ адзін прадстаўнік Падляшша – кідальнік молату, тытулаваны Войцэх Навіцкі, які паказаў вынік 81,02. Гэта другі сярэбраны медаль Навіцкага і пяты медаль у турнірах такога рангу – раней у 2015, 2017 і 2019 гадах браў бронзу, а ў 2022 – серабро.
Трэба зазначыць, што ў скарбонцы зборнай Польшчы пакуль два медалі і абодва на рахунку прадстаўнікоў Падляшша. Наперадзе пасля 5 дзён спабору каманда ЗША, у якой 7 залатых, 4 сярэбраныя і 3 бронзавыя медалі. На другім месцы Вялікабрытанія – 2+1+1. На трэцяй пазіцыі пакуль Іспанія, у якой дзве залатыя ўзнагароды.
Беларускае Радыё Рацыя