Алег Трусаў: Вось такое атрымалася раўнапраўе
Колькасць беларускіх кніг і брашур на беларускай мове, выдадзеных летась, больш як у 8 з паловай разоў меншая, чым на расейскай мове. Пра гэта паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. «Трэба сказаць за гэта дзякуй уладам», – кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які адзначае, што ўсе яго прапановы па змяненні сітуацыі з беларускамоўным навучаннем чыноўнікі не прымаюць да ўвагі.
– Улада не збіраецца выконваць рашэнне таго самага рэферэндуму, якое навязала беларускаму народу так званае раўнапраўе. Калі б улада выконвала ўмовы таго рэферэндуму, то ўсё павінна было быць на палову. Так што павіншуйце нашую ўладу з рэферэндумам 20-гадовай даўніны. Заявы засталіся заявамі, ніводнага новага беларускага класу не адкрыта. Усе прапановы, якія я дасылаў у міністэрства адукацыі, міністр адукацыі адкінуў.
У мінулым годзе ў Беларусі выпушчана на беларускай мове ўсяго 1105 кніг і брашур.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя