Украінска-беларуская дыскусія працягваецца
Праблемы ёсць, але яны вырашальныя. Дэлегацыя прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці падводзіць вынікі шэрагу сустрэчаў, што напярэдадні адбыліся ў Кіеве.
Украінска-беларуская дыскусія працягваецца. Але праблема ў тым, што па-ранейшаму ва Украіне ёсць колы, якія лічаць, што не трэба злаваць Лукашэнку. Заўважае народны дэпутат Украіны, лідар групы «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка. Ён прыгадвае як група дэпутатаў выступіла з ініцыятывай аб прызнанні Беларусі пад кіраўніцам Аляксандра Лукашэнкі – тэрыторыяй, якую акупавала Расія. Але яна не прайшла.
– Я думаю, што гэта самае правільнае, называць рэчы сваімі імёнамі. Таму што дэ-факта Беларусь акупаваная, і гэта расставіла б кропкі над і. Ну але тая пастанова на гэты час яшчэ не прынятая. Відавочна, што няма палітычнай волі. Ёсць у Кіеве тыя, хто намагаецца трымаць адкрытымі пэўныя каналы камунікацыі з Лукашэнкам. Маўляў, лепш з ім неяк камунікаваць, каб не заганяць у глухі кут. Але той рэжым нясе для нас небяспеку.
Валерый Кавалеўскі, Анатоль Лябедзька і Генадзь Манько сустракаліся ва ўкраінскім парламенце, а таксама, з дарадцам Міхаілам Падалякам. Па выніках сустрэч намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі заявіў, што агульная мэта Украіны і кабінету ў тым, каб абедзве краіны сталі вольнымі і еўрапейскімі.
– Будзем працаваць далей над тымі ініцыятывамі, якія былі тут агучаныя. Такія сустрэчы сапраўды дазваляюць нам выбудоўваць узаемны давер, таксама пазначыць тыя новыя кірункі і ідэі, якія дапамогуць нам дасягнуць нашай агульнай мэты – вызваліць нашыя краіны, каб яны сталі сапраўды дэмакратычнымі, вольнымі і еўрапейскімі.
У сваім тэлеграм-канале Аб’яднаны пераходны кабінет абвясціў, што Генадзь Манько прыступіў да выканання абавязкаў кіраўніка Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве.
Беларускае Радыё Рацыя