Вячаслава Лазарава і Таццяну Пыцько будуць судзіць 5 верасня
Мужа і жонку вінавацяць за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (Вячаслава Лазарава – паводле ч. 2 арт. 361 – 4 КК РБ, Таццяну Пыцько – паводле ч.1 арт. 361-4 КК РБ). Абодва знаходзяцца ў віцебскім СІЗА-2. Судовы працэс над імі пройдзе ў закрытым рэжыме ў Віцебскім абласным судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Яўген Буруноў, паведамляе „Віцебская вясна”.
Відэааператар-фрылансер Вячаслаў Лазараў знаходзіцца ў віцебскім СІЗА -2 з 9 лютага. Яго затрымалі пасля ператрусу па месцы прапіскі, сілавікі забралі мабільныя тэлефоны і відэакамеру. Таксама быў праведзены ператрус па месцы прапіскі ягонай жонкі, адкуль забралі ноўтбук і два тэлефоны. Праз некалькі дзён, калі Лазараў ужо быў за кратамі, ператрус прайшоў і на кватэры, дзе мужчына жыў у апошні час. 28 сакавіка 2023г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Вячаслава Лазарава палітычным зняволеным.
Таццяну Пыцько, жонку Вячаслава Лазарава, затрымалі 6 чэрвеня, праз некалькі месяцаў пасля мужа. Яна таксама мае статус палітычнай зняволенай. На момант затрымання яна была ў дэкрэце – даглядала агульную з Вячаславам дачку Еву. Дзяўчынцы быў усяго год і адзін месяц, калі яе разлучылі з маці. Апеку над ёй аформілі сваякі Таццяны. Двое старэйшых дзяцей ад першага шлюбу засталіся на выхаванні ў роднага бацькі.