Крысціна Дробыш: Аўдыёкніга запатрабаваная і патрэбная
Тры гады — роўна столькі сёлета спаўняецца праекту Кніжны воз. За гэты час было запісана каля сямі дзесяткаў кніг, а таксама створаная адмысловая мабільная праграма, — расказала былая Купалаўка, сузаснавальніца і голас праекту Крысціна Дробыш:
— Кніжны воз — амаль трэці год платформа з аўдыёкнігамі, спачатку для дзяцей і падлеткаў, а цяпер для кожнага.
РР: Кніжны воз існуе тры гады. Якія высновы і дасягненні ўласна ў вас?
— Аўдыёкніга запатрабаваная і патрэбная. Гэта не проста матэрыял, напісаныя літаркі кімсьці калісьці. Усё ж такі гэта частка нашай культуры, як бы гэта пафасна не гучала. Яна цікавая. Яна прываблівае людзей, і дапамагае. Гэта дапамога бацькам у не самыя простыя часы, замена мульцікаў, псіхатэрапеўтычны эфект для бацькоў. Чыстая беларуская мова можа існаваць цікава і нават для дзяцей.
РР: З вашых назіранняў, як за гэты час мянялася мэтавая аўдыторыя. Ці былі нейкія замеры?
— Мы стараемся адсочваць. Абсалютна па-рознаму. Залежыць ад кніжак, ад навінаў. Але стабільным застаецца, што аўдыторыя расце. Чым больш пра нас гавораць, тым больш праслухоўванняў выходзіць за дзень, тыдзень. Хтосьці дзесьці перадаў, падзяліўся. Быў дзень, калі пра нас напісала вельмі шмат людзей, то ў нас у некалькі разоў падрасла цікаўнасць да праекту. Мы заўважалі, што вельмі выраслі праслухоўванні, што вельмі прыемна. Ну і плюс, што людзі далучыліся да дапамогі ў стварэнні аўдыёкніг. У нас ёсць серыя аўдыёкніг, што з’явілася, дзякуючы ахвяраванням, а таксама некалькі кніг, якія мы запісалі, дзякуючы беларусам ЗША, якія дапамагаюць выдаць канкрэтныя кнігі.
Паслухаць кнігі можна праз сайт або праз мабільную праграму ў Google Play.
Беларускае Радыё Рацыя